У той час:
Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.
І ўбачылі, што яны адплылі. І шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх вучыць многаму.
Евангеліст Марк перадае нам ва ўрыўку, што паслуга і місія апосталаў карысталася вялікай папулярнасцю сярод людзей. Яны былі настолькі занятыя, што нават не мелі магчымасці паесці. З аднаго боку пастыра заўсёды радуе, калі шмат людзей хоча спазнаць Бога і прыходзіць у касцёл. Але з іншага боку заўсёды трэба памятаць пра сваю чалавечую абмежаванасць і патрэбу адпачынку. Сапраўды, у рэшце рэшт, духоўны плён працы залежыць толькі ад Духа Святога, а мы ўсяго толькі – недасканалыя выканальнікі Яго волі, мы — прылады ў Яго руках. Перабольшаная працавітасць можа быць рызыкай для пастыра, калі яна адбірае час, які павінен быць прысвечаны асабістай малітве, адпачынку і прабыванню ў Божай прысутнасці.
Ва ўрыўку заўважаем, што Езус праяўляе пачуццё суперажывання і літасці да людзей, якія шукаюць Бога. Яны былі як авечкі без пастыра. Чалавеку ў духоўным вандраванні неабходны лідары і арыентыры. Таму сёння дзякуем Богу за нашых пастыраў, найперш за Папу Францішка, а таксама біскупаў і святароў. Яны атрымалі ад Езуса наказ і ўладу абвяшчэння Божага слова. Вельмі важна таксама іх падтрымліваць малітвай. Таму што злы дух найперш стараецца знішчыць пастыра, каб лягчэй мог расправіцца з авечкамі. Беларусі неабходны сёння святыя і мудрыя пастыры. Просім Езуса, каб паслаў нам апосталаў ХХІ стагодзя.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
