3 верасня 2022 года стаў вельмі плённым у жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Менавіта ў гэты дзень тры дыяканы выказалі намер выконваць абавязкі святара згодна з навукай Хрыста і Касцёла. Падыходзячы да біскупа, яны ўкладвалі свае складзеныя рукi ў яго далоні, тым самым аддаючы сваю волю поўнасцю ў рукі Маці-Касцёла.
У гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне двум дыяканам Уладзіславу Малышку і Паўлу Шэмету і дыяканскае пасвячэнне студэнту Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Андрэю Юхніку.
У мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля дыякан Марк Найдзіч SDB, які паходзіць з парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB.
Урачыстыя Імшы ў Гродне і Мінску сабралі шматлікіх святароў, асобаў кансэкраванага жыцця і вернікаў, якія прыбылі з розных бакоў краіны, каб падтрымаць малітвамі кандыдатаў да пасвячэння. Прысутнічалі таксама іх бацькі, прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў, з якіх яны паходзяць i ў якіх праходзілі літургічна-душпастырскую практыку.
Па матэрыялах grodnensis.by і sdb.by
