Былі праведзены рамонт, латанне, склейванне і прасаванне. Прэзбітэрый капліцы Маці Божай на Яснай Гары вярнуў сабе былую веліч. Пасля чатырох месяцаў працы завершаны кансервацыйныя работы па абіўцы курдыбанам сцен, паўночнай і паўднёвай, у прэзбітэрыі капліцы цудадзейнага абраза Маці Божай.
Курдыбаны датуюцца 1965 годам, і такая абіўка, згодна з гістарычнымі апісаннямі, прысутнічала тут яшчэ ў XVI стагоддзі.
Курдыбан — гэта гістарычная тэхніка ўпрыгожвання скуры, якая бярэ свой пачатак у Сярэднявеччы. Яе росквіт у Еўропе прыйшоўся на XVII стагоддзе. Курдыбаны ствараюцца для ўпрыгожвання сцен, мэблі і іншых прадметаў, такіх як вокладкі кніг і абіўка сядзенняў.
Як тлумачыць мастацкі рэстаўратар Эва Гліва-Кавецка, яснагорскія курдыбаны спачатку былі ачышчаны ад бруду, а любыя расколіны або разрывы былі рэканструяваны. Работы ў сувязі з адпраўленнем святых Імшаў і пілігрымамі праводзіліся ўначы.
Яснагорскія курдыбаны характарызуюцца дробнымі ўзорамі, выбітымі на скуры, якія потым утвараюць большыя ўзоры і ў канцы дадаецца каляровы пласт, які надае ім унікальную глыбіню. Усё выканана ў адценнях залатога, зялёнага і чырвонага колераў. Стылізаваны арнамент у выглядзе разгорнутага ліста аканта размешчаны на зялёным фоне.
Яны складаюцца з 136 брытаў. Брыты курдыбана — гэта ўпрыгожаныя ўручную лісты дублёнай скуры (казы, цялёнка або авечкі), пакрытыя сусальным срэбрам, а затым жоўтым лакам, які імітуе золата.
«Перш за ўсё, курдыбаны былі вельмі патрэсканымі. На скуры было шмат разрываў і расколін, некаторыя з якіх праходзілі па ўсёй даўжыні брыта. Былі розныя дэфекты, некаторыя з іх механічныя, бо пілігрымы штодня наведваюць гэтае месца», — патлумачыла кансерватар. Яна дадала, што, акрамя механічных пашкоджанняў, на стан абіўкі таксама паўплывала няўстойлівая вільготнасць у капліцы з-за вялікай колькасці пілігрымаў.
Акрамя выдалення пылу з далікатнай абіўкі, найважнейшым крокам быў рамонт пашкоджанняў. Гэта было складана, бо мы не прыбралі курдыбаны са сцен. Ідэя заключалася ў тым, каб захаваць гэтую кансервацыю як кансерватыўны падыход, каб не занадта парушаць арыгінальны матэрыял. Таму мы зрабілі прыклееныя лапікі, не маючы доступу да адваротнага боку. «Аднак, дзякуючы поўнай абшыўцы знізу, мы змаглі прыціснуць і дапрэсаваць гэтыя лапікі з цялячай і казінай скуры», — патлумачыла Эва Гліва-Кавецка розныя этапы працы.
Як запэўнівае рэстаўратар, курдыбаны ствараюць высакародны фон для найважнейшага элемента капліцы: алтара з цудадзейным абразом Маці Божай.
Працу выканалі спецыялісты кракаўскай студыі Consiste.
Курдыбаны для капліцы Маці Божай былі створаны ў сярэдзіне XX стагоддзя Вацлавам Шымборскім, ураджэнцам Чэнстахова. Ён быў не толькі рэстаўратарам, які займаўся рэстаўрацыяй старых курдыбанаў і ствараў копіі па ўласных метадах, але і рэстаўратарам насценнага, мальбертавага жывапісу, скульптуры і маёлікі.
У 1954 годзе пробашч Яснай Гары замовіў у Шымборскага курдыбанавыя абіўкі сцен для капліцы Маці Божай. Курдыбаны былі падвешаныя на двух сценах алтарнай капліцы ў 1965 г.
У 1986 годзе яны прайшлі кансервацыю, якая ўключала ачыстку ад бруду, рамонт расколін, кропкавае зняцце пласта фарбы і замену цвікоў на цвікі з нержавеючай сталі. Апорная канструкцыя была прадэзінфікавана. Кансервацыйныя работы выканаў Вацлаў Вагнер.
Ідэя абліцоўвання сцен капліцы была не новая, у архівах Яснай Гары захаваліся звесткі, што пры пантыфікаце Папы Сікста V у другой палове XVI стагоддзя кардынал Балоньеці фінансаваў курдыбаны для манастыра на Яснай Гары. «Цяпер яна ўся пышна ўпрыгожана», — пісаў пра капліцы тагачасны летапісец. Такім чынам, у цяперашні час курдыбаны з’яўляюцца адсылкай да гэтага дэкору XVI стагоддзя.
Паводле stacja7.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


