Прэмія імя святых Францішка і Карла Акуціса: натхненне для святасці

Міжнародная прэмія імя святога Францішка і святога Карла Акуціса імкнецца быць закваскай братэрства і крыніцай натхнення для святасці, адзначыў на яе прэзентацыі кардынал Лазарус Ю Хён-сік.

3 лютага 2026 года ў Рыме прадставілі 6-ю Міжнародную прэмію імя святога Францішка і святога Карла Акуціса за праекты ў галіне эканомікі братэрства. Яе прысуждаюць за эканамічныя ініцыятывы, якія рэалізуюць супольнасці на перыферыях свету.

«Нам неабходна зірнуць на свет вачыма святога Францішка і святога Карла Акуціса», — сказаў падчас прэзентацыі кардынал Лазарус Ю Хён-сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства. “Сёння мы бачым занадта шмат канфліктаў, ран і эканамічную парадыгму, якая эксплуатуе рэсурсы Зямлі. Прэмія імкнецца быць закваскай братэрства і крыніцай натхнення для святасці, паказваючы новую мадэль сучаснай эканомікі», — дадаў іерарх.

Арцыбіскуп Даменіка Сарэнціна распавёў гісторыю ўзнікнення прэміі. Ідэя з’явілася ў 2013 годзе падчас візіту Папы Францішка ў Асізі, калі Пантыфік быў засмучаны трагедыяй мігрантаў. Як канкрэтны знак новай эканомікі, іерарх вырашыў заснаваць прэмію, прысвечаную святому Францішку і святому Карлу Акуцісу, бо абодва служылі бедным.

Міжнароднай прэміяй імя святога Францішка і святога Карла Акуціса ўзнагароджваюцца праекты, якія рэалізуюць маладыя людзі ва ўзросце да 35 гадоў і якія змяняюць жыццё людзей на перыферыі свету. У мінулым прэмію атрымалі праект хлебапякарні ў Чадзе, вытворчасць экалагічных вугальных брыкетаў на Філіпінах, тэлефонная лінія для людзей з праблемамі зроку і слыху ў Індыі.

Сёлета кандыдатуры прымаюцца да 28 лютага 2026 года, а цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 16 мая ў Асізі. Пераможны праект вызначыць журы з шасці экспертаў. Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду ў памеры 50 тысяч еўра, “плашч святога Францішка”, створаны мадэльерам Брунела Кучынелі, а таксама абраз святых Францішка і Карла Акуціса.

“Плашч святога Францішка”

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку