Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Епіфаній, абраны на гэтую пасаду на ўстаноўчым саборы Праваслаўнай Царквы Украіны 15 снежня мінулага года, 6 студзеня ў храме Святога Георгія ў Стамбуле атрымаў з рук патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея томас аб аўтакефаліі.
У сваім звароце да прысутных мітрапаліт Епіфаній адзначыў, што хрысціянства ва Украіну прыйшло з Канстанцінопаля, але затым на тры стагодззі ўкраінскія праваслаўныя былі адарваныя ад сваёй Маці-Царквы. Цяпер жа, заявіў ён, справядлівасць адноўленая.
Іерарх таксама заклікаў прадстаўнікоў іншых праваслаўных цэркваў маліцца за мір і еднасць ва Украіне. Асабліва за тых, хто зараз знаходзіцца ў палоне і пакутуе ад вайны.
Як адзначыў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, “Гасподзь пабачыў і ацаніў няспынную барацьбу народа Украіны за сваю незалежнасць”. Паводле яго, сённяшняя падзея стане ў гісторыі побач з хрышчэннем 988 года і абвяшчэннем незалежнасці Украіны.
