Прадстаўнікі з Беларусі ўдзельнічалі ў Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай супольнасцю Тэзэ

28 снежня па 1 студзеня ў Таліне адбылася 47-я Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная экуменічнай супольнасцю Тэзэ. У сустрэчы ўдзельнічалі больш за 100 беларусаў – з Гродзенскай дыяцэзіі, з Мінска і з іншых месцаў нашай краіны.

Сярод удзельнікаў былі як католікі, так і праваслаўныя і пратэстанты. Усяго на сустрэчы сабралося больш за 3 тысячы чалавек. Удзельнікі і валанцёры прыбылі амаль з усіх еўрапейскіх краін і з іншых частак свету.

На кожны дзень сустрэчы была падрыхтавана адпаведная праграма з тэмамі разважання на аснове паслання прыёра супольнасці Тэзэ брата Мэцью на 2025 год. Пасланне прысвечана тэме надзеі і змешчана на розных мовах на сайце супольнасці.

Удзельнікі размясціліся ў мясцовых супольнасцях, парафіях, школах і сем’ях, большасць з якіх прадстаўлялі розныя пратэстанцкія традыцыі. Па словах удзельнікаў, такім чынам у іх была магчымасць пазнаёміцца з гэтымі традыцыямі.

Кожны дзень пачынаўся ранішняй малітвай на месцах размяшчэння ўдзельнікаў. Затым было дзяленне Божым словам, думкамі, досведам і ўражаннямі ў малых экуменічных групах. Пасля ўдзельнікі накіроўваліся на штодзённую малітву з братамі Тэзэ, якая праходзіла ў святынях у цэнтры горада, а па дарозе адбываўся ланч. Потым праходзілі семінары на тэмы, звязаныя з верай, духоўным жыццём, сацыяльнымі абавязкамі, культурай і мастацкай творчасцю, вячэра і сумесная вечаровая малітва з братамі.

Асабліва кранальным удзельнікі называюць момант у канцы кожнай вечаровай малітвы, калі можна было падысці да крыжа, прытуліцца да яго і адараваць хаця б кароткі час. “У той момант аддаеш Богу ўсё, што перажывае тваё сэрца і патрабуе душа, і тых, хто прасіў аб малітве, і тых, каму яна патрэбна, – кажуць яны. – Шлях да крыжа трэба праходзіць паступова, крок за крокам, нібы ён набліжае цябе да Уваскрослага Хрыста, які разам з табою ідзе гэтым шляхам веры, надзеі і любові”.

Таксама адбыліся рэгіянальныя сустрэчы братоў супольнасці з прадстаўнікамі кожнай асобнай краіны. Адказнымі за служэнне Тэзэ ў Беларусі былі прызначаны брат Крыстоф і сястра ўршулянка Вераніка, якая паходзіць з Гродна і служыць у французскай вёсцы Тэзэ, дзе размяшчаецца супольнасць.

31 снежня ў 23.00 удзельнікі сустрэчы на месцах свайго размяшчэння маліліся аб міры. Затым прайшоў “фестываль народаў”, на якім кожная краіна прадстаўляла сябе праз нацыянальны спеў, калядкі і танец, распавядаючы пра свае традыцыі і каштоўнасці.

1 студзеня адбылася ранішняя малітва, а пасля – святочны абед і развітальныя сустрэчы на месцах размяшчэння ўдзельнікаў.

Штодзённа ў другой палове дня цэлебравалася святая Імша, на якой збіралася вельмі шмат маладых людзей са сваімі святарамі і біскупамі.

Прыёр Тэзэ брат Мэцью паведаміў, што наступная Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная гэтай супольнасцю, пройдзе з 28 снежня 2025 г. па 1 студзеня 2026 г. у Парыжы і ўсім рэгіёне Іль-дэ-Франс.

“Нам было вельмі прыемна спаткацца, быць разам і маліцца, – кажуць удзельнікі сустрэчы. – Запрашаем паехаць на сустрэчу Тэзэ ў наступны раз, адчуць на гэтых малітвах адзінства з усімі, стаць пілігрымамі надзеі і міру”.

Ірэна з душпастырства моладзі “OPEN” у Гродне, якая ўжо не раз брала ўдзел у сустрэчах Тэзэ, адзначае: “Аднойчы пабываўшы на гэтых сустрэчах і ў самой вёсцы Тэзэ, ля вытокаў супольнасці, становішся яе ўдзельнікам, а Тэзэ робіцца часткай твайго жыцця, нягледзячы на ўзрост і адлегласць.

Кожны раз з нецярпеннем чакаеш сустрэчы, і кожны раз яна здзіўляе сваёй непаўторнасцю, гасціннасцю і цеплынёй людзей, якія нас прымаюць. У цябе ў жыцці з’яўляецца яшчэ адна сям’я, больш радасці, сіл і ўпэўненасці, што ты ніколі не адзін, і гэта дае табе яшчэ больш сіл рухацца наперад, не спыняцца на дасягнутым, шукаць новыя шляхі і магчымасці. З гадамі Тэзэ стала часткай і майго жыцця”.

Па словах Ірэны, гэтыя сустрэчы “дапамагаюць па-іншаму ўспрымаць прывычнае, задавольвацца малым – ежай, начлегам, наведваннем новых месцаў – і ад усяго гэтага атрымліваць радасць”; “у перыяд гэтых сустрэч час замірае і дапамагае зразумець сябе і пазнаць іншых з іх асаблівасцямі, пазнаць сябе ў іншым месцы, сярод іншых людзей, адкрыцца на новае, падзяліцца досведам”.

Тыя, хто хоча пазнаёміцца ў Гродне з супольнасцю Тэзэ і яе духоўнасцю, запрашаюцца на святую Імшу, якая праходзіць у гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) у трэцюю нядзелю кожнага месяца ў 19.00. Пасля Імшы праходзіць малітва аб міры, прабачэнні і даверы.

Акрамя таго, браты супольнасці запрашаюць наведаць французскую вёску Тэзэ, дзе яна размяшчаецца. Туды прыязджаюць усе ахвотныя, рознага ўзросту, а таксама сем’ямі. Для ўсіх створаны неабходныя ўмовы пражывання, з дзецьмі займаюцца валанцёры. Там можна адчуць незвычайную атмасферу і пабачыць прыгожыя краявіды, пабываць у абацтве ў Клюні і ў замку ў Карматэне.

Сустрэчы Тэзэ для моладзі праходзяць ужо некалькі дзесяцігоддзяў і ўтвараюць своеасаблівую “пілігрымку даверу”, няспынны ланцуг. Досвед гасціннасці з’яўляецца на гэтых сустрэчах адной з найбольш заўважных падзей як для саміх удзельнікаў, так і для тых, хто прапануе ім месцы размяшчэння. Тысячы маладых пілігрымаў сустракаюць тысячы мясцовых жыхароў, якія адчыняюць зусім незнаёмым для іх людзям свае дзверы і дзеляцца з імі сваім жыццём, верай, надзеямі.

Grodnenses.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі