Пра якую жонку мараць хлопцы-каталікі?

meczta2“Пра якую жонку мараць хлопцы-каталікі?” На гэтае пытанне “Каталіцкаму Весніку” адказалі маладыя людзі, разважаючы пра сваю будучаю абранніцу.

Alaksandr Matzjasykojc

Аляксандр Матыяшкойць:

– Я думаю, мая будучая жонка павінна мне перш за ўсё падабацца. Я б не хацеў, каб гэта было, скажам, каханне за грошы. Яна павінна быць вельмі прыгожай, не вельмі маленькага росту, бо мой рост два метры, колер валасоў не мае значэння. Я вельмі спакойны, памяркоўны, таму хацелася б, каб жонка па характары мне адпавядала. Не зусім спакойная, але з “агеньчыкам”. Пажадана каталічка, ну, можа, праваслаўная. Варыянтаў з атэізмам або з іншымі вераваннямі я не разглядаў бы (спадзяюся, гэта мяне абміне). Важна, каб яна мела таксама пачуццё гумару.

krykun aleksejАляксей Крыкун:

– Мая будучая жонка павінна сачыць за сваёй знешнасцю. Трэба, каб яна была адукаванай. Такая жонка зможа падтрымаць любую тэму ў размове, падыскутаваць, выказаць сваё меркаванне. Дзяўчына не павінна быць грубай. Непрыгожа, калі яна мацюкаецца. Хацелася б, каб мяне і сваіх бацькоў шанавала і паважала. Не здраджвала мне. Была б у кожную хвіліну гатовая дапамагчы тым, хто мае патрэбу. Але, напэўна, выбіраеш жонку так, як падкажа сэрца, а не па пэўных параметрах. Каханне важнейшае за розныя іншыя крытэрыі.

pawel zaunjarowiczПавел Жаўняровіч:

– Пра якую жонку я мару? Канешне ж, пра самую каханую. Ніякія якасці не перашкодзяць кахаць. Але ўсё ж сям’я – не толькі я… Гэта як мінімум два, а лепш тры, чатыры і больш родных людзей. Каб стварыць гармонію ў такой сям’і, мая жонка павінна любіць дзяцей… І не толькі сваіх, але ўсіх на свеце! Хачу, каб, гледзячы на нас, нашыя дзеці вучыліся любіць сваю будучую сям’ю, шанаваць яе, паважаць. Але ў мяне нічога не атрымаецца, калі мая жонка не зразумее гэтага. Буду паважаць яе пакорліваць. Я не заўсёды маю рацыю, таму ёй патрэбны дар мудрасці. Вельмі парадуе, калі яна будзе любіць Госпада больш за мяне. Бо той, хто любіць Яго, ніколі не развучыцца кахаць па-сапраўднаму.

lamaczeuski sargejСяргей Ламачэўскі:

– Я, як і шмат маладых людзей, задумваўся пра тое, якой бы я хацеў бачыць тую, каторая пражыве са мною ўсё жыццё. Найчасцей гэта былі толькі знешнія вобразы. Але з узростам я ўсё больш стаў звяртаць увагу на ўнутраныя якасці. Шмат бачыў прыгожых, але пустых дзяўчат. Усё больш разумею, што дзяўчына павінна быць сабою. Не ствараць вобраз ідэальнай і правільнай. Мець унутраную свабоду ад стэрэатыпаў, самападману, навязаных каштоўнасцей і паводзін. Пры гэтым, прызнаючы свае слабасці і працуючы над сабой, развівацца як асоба.

Знешнасць? Яна проста павінна мне спадабацца сваёй натуральнай (нічога прыгожага не знаходжу ў вялікай колькасці касметыкі) прыгажосцю. Але знешнасць не галоўнае.

Нам павінна быць цікава разам, нашы жыццёвыя каштоўнасці павінны быць падобнымі. Слаба веру ў моц сям’і, дзе замест Госпада, Які аб’ядноўвае сэрца і душу, дамінуе штосьці іншае. Без Божага падмурку, на якім будуецца ўменне па-сапраўднаму кахаць, прабачаць і ахвяроўваць сабой, немагчыма захаваць шчаслівую сям’ю.

andrus takindangАндрусь Такінданг:

– Маю шмат знаёмых мужчын-каталікоў, і ва ўсіх іх жонкі розныя. Яны розняцца як па знешнасці, так і па характары. Таму, відаць, агульнага закону тут няма. Што датычыцца мяне, дык магу распавесці пра сваю будучую жонку. Яе завуць Ганна. Яна прыгожая, разумная, мае моцны характар, яна крытычна глядзіць на свет, але пры гэтым ласкавая і пяшчотная. Мае добрае пачуццё гумару, у побыце практычная. Не баіцца шчыра выказваць сваю думку. Задужа крытычная ў адносінах да сябе. Трымаецца каталіцкай веры. Прагне падарожнічаць, спасцігаць сябе і свет.

Гутарыла Ірына Грэйць.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі