Пялёсткі руж у Рымскім Пантэоне на Пяцідзесятніцу і сапраўдныя героі гэтага дзеяння

У свята Пяцідзесятніцы ў Рымскім Пантэоне адбываецца нешта падобнае на сцэну з фільма: тысячы чырвоных пялёсткаў руж падаюць праз адтуліну ў купале. Гэты незвычайны сімвал нагадвае нам пра полымя Святога Духа, а яго падрыхтоўка — справа рук… італьянскіх пажарных.

 

Пяцідзесятніца ў Пантэоне: калі неба адкрываецца над галовамі вернікаў

Сам Рымскі Пантэон сапраўды ўражвае. Манументальны купал, святло, якое пранікае пргааз знакаміты Окулус, і цішыня месца, якое стагоддзямі было не толькі гістарычным помнікам, але і хрысціянскай святыняй.

Раз на год, у свята Пяцідзесятніцы, гэтае месца становіцца месцам аднаго з самых кранальных літургічных знакаў у Рыме. Пасля Імшы чырвоныя пялёсткі руж пачынаюць падаць праз адтуліну ў купале. Яны павольна кружацца ў святле, падаюць на вернікаў і пакрываюць падлогу святыні чырвоным дываном.

Гэта не турыстычнае шоу, хоць яно і прыцягвае натоўпы з усяго свету. Перш за ўсё, гэта знак веры: напамін пра момант, калі Святы Дух сышоў на Марыю і апосталаў.

Чаму менавіта чырвоныя ружы?

Чырвоны колер пялёсткаў не выпадковы. Ён падобны на «языкі, быццам бы з агню», згаданыя ў Дзеях Апосталаў пры апісанні сыходжанне Святога Духа. Агонь сімвалізуе прысутнасць Бога, ачышчэнне, мужнасць і новае жыццё, якое нараджаецца ў сэрцах вучняў.

Такім чынам, ружы становяцца больш чым проста ўпрыгожваннем. Яны з’яўляюцца бачным знакам нябачнай ласкі. Яны падаюць з вышыні як напамін пра тое, што Святы Дух — гэта не абстрактная ідэя, а дар, які прыходзіць канкрэтна: людзям, Касцёлу, свету.

У Пантэоне гэты сімвал мае выключна моцны эфект. Святло, якое праходзіць праз Окулус, сустракаецца з з чырвоным колерам пялёсткаў, і старажытная архітэктура становіцца прасторай малітвы. На некалькі хвілін цяжка аддзяліць прыгажосць ад тэалогіі.

За гэтай акцыяй стаяць італьянскія пажарныя.

Аднак самае дзіўнае ў гэтай традыцыі — хто адказвае за яе выкананне. Пялёсткі не скідае ніякая схаваная машына. Гэта робяць італьянскія пажарныя — Vigili del Fuoco.

Менавіта яны падымаюцца на вяршыню купала Пантэона і выпускаюць тысячы чырвоных пялёсткаў руж. У апошнія гады ў мерапрыемстве прымаюць удзел таксама спецыялізаваныя брыгады пажарных, якія прызвычаіліся працаваць на вышыні. Іх задача практычная, але эфект — амаль містычны.

Тут можна ўбачыць выдатны парадокс: адзін з самых духоўных вобразаў рымскай Пяцідзесятніцы стаў магчымым дзякуючы вельмі канкрэтным людзям, іх працы, мужнасці і дакладнасці. Хтосьці павінен падняцца на купал, хтосьці павінен падрыхтаваць пялёсткі, хтосьці павінен гарантаваць, што ўсё адбудзецца менавіта ў патрэбны момант.

Традыцыя старэйшая за анлайн-захапленне

Відэа з Пантэона штогод распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках. Гэта не дзіўна — від чырвоных пялёсткаў, якія падаюць праз адкрытае «вока» купала, — адзін з тых вобразаў, якія цяжка забыць.

Але гэтая традыцыя нарадзілася не для інтэрнэту. Яго карані ўзыходзяць да Сярэднявечча, а ў цяперашнім выглядзе яна была адроджана ў 1995 годзе. Сёння гэта адзін з самых вядомых рымскіх знакаў Пяцідзесятніцы.

Свята звычайна пачынаецца з святой Імшы ў базіліцы. Пасля Літургіі, каля поўдня, пажарныя скідаюць пялёсткі праз Окулус — круглую адтуліну ў цэнтры купала Пантэона, дыяметр якой складае прыблізна 9 метраў. Па словах італьянскіх пажарных, ужо больш за 25 гадоў ружы для гэтага свята перадае муніцыпалітэт Джыфоні Вале П’яна; гаворка ідзе пра 6 тысячах руж, з якіх рыхтуюцца пялёсткі.

Прыгажосць, якая вядзе да веры

Падаючы дождж з руж у Пантэоне дэманструе, што Літургія можа гаварыць не толькі словамі, але і вобразамі, жэстамі і прыгажосцю. Часам адна сцэна кажа больш, чым доўгія тлумачэнні.

Чырвоныя пялёсткі, якія падаюць з купала, нагадваюць нам, што Святы Дух не прыходзіць, каб пакінуць усё ранейшым. Ён прыходзіць, як агонь: рухае, сагравае, пасылае. Гэтак жа, як апосталы выйшлі з вячэрні ў свет, кожны вернік запрошаны дазволіць Святому Духу дзейнічаць у яго жыцці.

А італьянскія пажарныя? У гэтай гісторыі яны з’яўляюцца прыгожым напамінам пра тое, што вялікія знакі веры часта патрабуюць звычайных рук. І што за момантамі, якія захапляюць натоўпы, стаяць людзі, якія выконваюць сваю працу ціха, дакладна і аддана.

А хто за гэтым стаіць? Сапраўдныя майстры гэтай аперацыі, італьянскія пажарныя.

stacja7.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку