Касцёлы зачыняюцца, колькасць парафіянаў зніжаецца, а замест веры прыходзяць гендар, ЛГБТ і эўтаназія. Такія чорныя карціны еўрапейскага хрысціянства можна часта сустрэць у сённяшніх СМІ. Але пры гэтым у Еўропе ёсць тое, чаму б варта было павучыцца і беларусам.
Сапраўды, кадры з закрытымі касцёламі, цэрквамі і пратэстанцкімі кірхамі не з’яўляюцца нейкай выдумкай. Як і скарачэнне вернікаў ці розныя іншыя сучасныя трэнды. Але ж і мы самі гэта прайшлі задоўга да рэшты Еўропы. Так, у нас храмы не рабіліся гатэлямі, але ў іх дзесяцігоддзямі спакойна маглі размяшчацца клубы, склады, басейны ці зернясховішчы. Часта іх, нават тыя, якія налічвалі сотні гадоў гісторыі, проста ўзрывалі, пакідаючы на месцы святыні кучы друзу. Такі зыход парафіянаў, відаць, быў больш радыкальным, чым нежаданне нямецкіх католікаў плаціць абавязковы рэлігійны падатак. Ды і сексуальная рэвалюцыя 1920-х на нашых землях нашмат апярэдзіла «загніваючую» Еўропу.
Так, цяпер храмы ў нас будуюцца, але ці можна сказаць, што іх колькасць і лік парафіянаў дасягнулі тых паказчыкаў, што былі да 1917 года? Пытанне дыскусійнае. У кожным разе і цяпер у Еўропе ёсць рэчы, якіх няма ў Беларусі.
Абмежаванне абортаў
Паводле закона, у Беларусі аборты можна зрабіць да 12 тыдняў цяжарнасці. Калі ж ёсць сацыяльныя або эканамічныя перадумовы для гэтага, то да 22 тыдняў. Таксама аборты магчымыя і на больш позніх тэрмінах у выключных выпадках (медычныя паказанні, рызыкі для жыцця і здароўя і іншыя). Але ў Еўропе ёсць краіны, дзе проста так перапыніць жыццё не атрымаецца. Да іх належаць перадусім такія маленькія краіны, як Андора, Ліхтэнштэйн, Мальта, Манака. Там перапыніць цяжарнасць па жаданні або з сацыяльных ці эканамічных прычынаў немагчыма, толькі з прычыны пагрозы жыццю і здароўю або пасля згвалтавання. Але незаконныя дагэтуль звычайныя аборты і ў 38-мільённай Польшчы. У 2023 годзе ў лякарнях краіны легальна былі перапыненыя 423 цяжарнасці супраць 15 871 у 9-мільённай Беларусі.
Пры гэтым, паводле звестак рэсурсу «World Population Review», нават у параўнанні з тымі краінамі, дзе аборты легальныя, у Беларусі даволі высокія паказчыкі. Калі ў Беларусі на 1000 жанчын прыходзіцца 11,4 аборта, то, напрыклад, у Іспаніі – 7,5, Германіі – 5,4, Аўстрыі – 1,3.
Вокны жыцця
З праблемай абортаў звязанае таксама пытанне «вокнаў жыцця», або «бэбі-боксаў» – адмысловых месцаў для ананімнай адмовы ад дзіцяці і перадачы яго на ўтрыманне дзяржаўным службам і органам. Звычайна яны размяшчаюцца пры медыцынскіх установах або рэлігійных арганізацыях. Яны дзейнічаюць, напрыклад, у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Латвіі, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі. У Беларусі гэтае пытанне перыядычна ўзнімаецца, асабліва пасля выпадкаў забойства некаторымі маці нованароджаных, але ў краіне іх так і не дазволілі, хоць яны ёсць нават у суседняй Расіі. Як заявіла ў 2012 годзе тагачасны міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марыяна Шчоткіна, «існуе дастаткова шырокі спектр цывілізаваных спосабаў, каб пазбегнуць непажаданай цяжарнасці».
Адпачынак у нядзелю і святы
Трэцяя з дзесяці запаведзяў абавязвае вернікаў шанаваць святы і не працаваць у іх. Як вучыць Касцёл (напрыклад, Папа Лявон ХІІІ у энцыкліцы «Rerum Novarum» ці Ян Павел ІІ ў апостальскім лісце «Dies Domini») нядзеля мусіць быць днём адпачынку ад працы, які варта прысвяціць касцёлу, малітве, стасункам у сям’і, культурнаму адпачынку, а не шопінгу і штодзённай руціне. Але ў Беларусі праца крамаў у нядзелю і рэлігійныя святы з’яўляецца нормай, тады як у Еўропе падобны гандаль так ці інакш забаронены ў дзесяці краінах: Аўстрыі, Бельгіі, Іспаніі, Грэцыі, Нарвегіі, Нямеччыне, Польшчы, Славеніі, Чарнагорыі і Швейцарыі, а таксама на Фарэрскіх астравах, што належаць Даніі. Апроч таго, пэўныя абмежаванні нядзельнага гандлю існуюць на Мальце, у Францыі і ў Вялікабрытаніі.
Самі святы
У Беларусі выхаднымі днямі з’яўляюцца толькі тры рэлігійныя святы – Божае Нараджэнне паводле каталіцкага і праваслаўнага літургічнага календароў, а таксама праваслаўная Радаўніца. Да 1998 года быў выхадным і Велікодны панядзелак, але пасля засталася толькі Велікодная нядзеля. Але ў Еўропе не так. Велікодны панядзелак з’яўляецца дзяржаўным святам у такіх краінах, як Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Польшча, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя. Апроч таго, у Еўропе на дзяржаўным узроўні з адпаведнымі выхаднымі адзначаюцца такія святы і ўрачыстасці, як Вялікая пятніца, Унебаўшэсце Пана, Тры Каралі, Дзень усіх святых, Дзень Беззаганнага Зачацця. А Партугалія, Польшча і Германія таксама святкуюць урачыстасць Цела і Крыві Хрыста.
Урокі рэлігіі ў школе
Паводле закона Беларусі «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», зарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі маюць права ствараць для рэлігійнай асветы дзяцей і дарослых навучальныя групы і нядзельныя рэлігійныя школы, «выкарыстоўваючы для гэтага прыналежныя і (або) якія прадстаўляюцца ім у карыстанне памяшканні, акрамя памяшканняў, якія належаць дзяржаўным установам адукацыі». То бок, у школах навучаць рэлігіі забаронена. Чаго не скажаш пра многія еўрапейскія краіны, дзе ўрокі рэлігіі для школьнікаў з’яўляюцца абавязковымі. Звычайна там навучаюць у межах галоўнай у краіне канфесіі (напрыклад, Аўстрыя, Германія, Грэцыя, Італія, Польшча, Румынія, Фінляндыя) або міжканфесійнаму хрысціянству (Латвія). Бацькі і дзеці, якія не хочуць навучацца рэлігіі, могуць абраць замест яе ўрокі этыкі. Таксама вернікі не дамінуючай канфесіі, якая зарэгістраваная ў краіне, могуць паспрабаваць арганізаваць навучанне і сваёй веры, калі для гэтага ёсць адпаведныя кадры. Звычайна ўрокі праводзяць святары або асобы, упаўнаважаныя на гэта рэлігійнымі арганізацыямі (напрыклад, катэхеты).
Адрозніваецца сітуацыя ў Беларусі і краінах Еўропы і агулам у пытанні рэгулявання рэлігійнай дзейнасці, неабходнасці рэгістрацыі і правоў, якая яна дае, дзейнасці замежных святароў і магчымасцяў медыяпрысутнасці. Але гэтыя пытанні патрабуюць больш грунтоўнага аналізу.
Мечыслаў Гапановіч
