Гэта адбылося 24 мая падчас Эўхарыстычнага кангрэсу, які праходзіў у Гродне.
Спадарыня Крыстына адзначыла, што пераклад гэтай кнігі стаў для яе сапраўдным дарам Божай міласэрнасці, які спачатку яна баялася прыняць.
— Я атрымала замову на гэты пераклад, але спачатку сумнявалася, ці змагу зрабіць гэты пераклад, бо тэкст здаваўся складаным нават для чытання. Трэба было шмат што перажыць асабіста, каб я зразумела, што гатова перакладаць гэты “Дзённік”
Перакладчыца прызналася, што напачатку яе крыху напалохаў аб’ём гэтага “Дзённіка”, бо ён быў таўшчынёй з брэвярый.
— Напачатку мне прыслалі з Варшавы “Дзённік” 1983 года выдання, аднаго з першых. Гэта выданне было на шэрай паперы, з невыразным шрыфтам, і гэта выданне мяне палохала, бо было вельмі таўшчэзным, і я сумнявалася, ці змагу асіліць гэты пераклад, бо я яшчэ з’яўляюся рэдактарам часопісаў, ёсць і іншая праца… Таму для яе трэба было вызваліць не толькі свой час, але і душу.
Як прызналася спадарыня Крыстына, сама святая Фаўстына дапамагала ёй у працы над перакладам. Бо малітвы да сястры Фаўстыны дапамагалі разумець значэнне яе тэкстаў.
Крыстына Лялько лічыць, што беларусы павінны чытаць хрысціянскія тэксты на роднай мове. І не толькі хрысціянскія, а наогул усе.
— Беларусы павінны ўсё чытаць на роднай мове, як і любы іншы народ. Шкада, што так доўга не было перакладу на беларускую мову “Дзённіка” святой Фаўстыны, бо на рускай мове ўжо было некалькі яго выданняў. Гэта вельмі важна, каб Святое Пісанне, любы натхнёны Богам тэкст, наогул, усе хрысціянскія тэксты былі на роднай мове, каб наш народ мог чытаць па-беларуску.
Падрабязней пра сваю працу над перакладам «Дзённіка» Крыстына Лялько распавяла ў артыкуле, які надрукаваны ў часопісе «Наша вера» (№ 1, 2016).
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа