Пілігрымка да закрытага касцёла ў Рагачове сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў

Пешая пілігрымка вернікаў са Жлобіна ў Рагачоў, да старадаўняга касцёла святога Антонія Падуанскага, прайшла 8 чэрвеня. Пілігрымка штогод праходзіць да дня ўспаміну святога Антонія і гэтым разам стала ўжо 15-й.

Па трасе паміж райцэнтрамі пілігрымы пераадолелі пешшу шлях у 25 кіламетраў. Пілігрымка сабрала звыш 70 чалавек, удвая больш, чым у мінулыя гады, – вернікаў са жлобінскай парафіі, а таксама з Мінска, Гомеля, Светлагорска і Нароўлі.

Каля касцёла ў Рагачове іх прывітаў біскуп Казімір Велікаселец: блаславіў і акрапіў асвячонай вадой.

«Ужо ў 15-ы раз штогод мы ідзём з малітвай-просьбай аб аднаўленні святыні ў Рагачове і, вядома, аб маральна-духоўным жыцці ў нашым горадзе сярод усіх хрысціян», – адзначыў пробашч парафіі святога Казіміра ў Жлобіне кс. Алег Грыгаровіч.

Пілігрымам далі магчымасць зайсці ў закрыты храм і паглядзець, як ён выглядае ўнутры.

Паўразбураны храм рымска-каталіцкай парафіі святога Антонія Падуанскага ў Рагачове ўжо працяглы час спрабуюць аднавіць. Касцёл унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Храм быў асвечаны 6 жніўня 1912 года і дзейнічаў да 30-х гадоў мінулага стагоддзя, затым касцёл закрыла камуністычная ўлада.

У ім быў размешчаны зернесклад, потым цэх па вытворчасці напояў і марожанага. У 1940 годзе адбыўся пажар, згарэў дах і драўляныя канструкцыі. Чорную справу давяршыла вайна: падчас вызвалення Рагачова ад нацыстаў у храм трапіла некалькі снарадаў. Пасля вайны ў касцёле дзяжурыў пажарны пост, затым працаваў хлебазавод.

У 70-х гадах будынак зноў пачатак пуставаць. З пачаткам гарбачоўскай «перабудовы» мясцовыя краязнаўцы паспрабавалі ўзняць пытанне аб рэстаўрацыі храма, але беспаспяхова. У 2000 годзе Рагачоў наведаў кардынал Казімір Свёнтэк, і касцёл быў перададзены мясцовай каталіцкай парафіі. А праца па рэстаўрацыі нарэшце пачалася ў 2003 годзе. Аднак мясцовыя парафіяне па-ранейшаму моляцца ў капліцы.

Фота: «Навіны Рагачова»

katolik.life

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі