Невялікае мястэчка Влукі (Польшча) сталі месцам асаблівага культу. Па рашэнні ардынарыя Быдгашчанскай дыяцэзіі, біскупа Крыштафа Улодарчыка, касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Польшчы, быў узведзены ў ранг дыяцэзіяльнага санктуарыя святога Шарбеля. Гэта першы санктуарый такога кшталту не толькі ў Польшчы, але і ў Еўропе.
На ўрачыстасці сабраліся вернікі з усёй краіны і замежжа. «Я тут, каб маліцца аб здароўі, за ўсіх людзей і за мір, бо так шмат трагедый і падзелаў», — сказала 92-гадовая Тэрэза Чыж, адна з удзельніц урачыстасці. Гэтыя словы добра перадалі атмасферу падзеі, якая стала гістарычным момантам для невялікай парафіі ў Влуках.
Дэкрэт аб стварэнні санктуарыя зачытаў генеральны вікарый Быдгашчскай дыяцэзіі, ксёндз канонік Томаш Цыл. У дакуменце біскуп Крыштаф Улодарчык адзначыў, што новая святыня павінна стаць месцам асаблівай малітвы за Касцёл і свет.
«Няхай вернікі, якія прыходзяць у гэтую святыню, дзе так шмат людзей адчулі змену сэрца, праз малітву з даверам атрымаюць ласкі, неабходныя для Святога Айца і ўсяго Паўсюднага Касцёла. Асабліва заклікаю вас маліцца за сужэнскія пары і сем’і. Няхай гэта будзе месца асаблівага закліку да добрых і шматлікіх святарскіх і рэлігійных пакліканняў для нашай дыяцэзіі, молячыся таксама за намеры ўсяго нашага Касцёла ў Польшчы», — прачытаў генеральны вікарый.
Цэнтральным момантам урачыстасці стала Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Крыштаф Улодарчык. У сваёй гаміліі ардынарый падкрэсліў глыбокую духоўную сімволіку гэтага месца і незвычайную сувязь гісторыі невялікага мястэчка Влукі з жыццём святога Шарбеля.
Біскуп нагадаў, што святы заступнік новай святыні паходзіў з невялікага ліванскага мястэчка Бекаа Кафра і большую частку свайго жыцця правёў у Аннаі — месцы, назва якога азначае «месца Божай абароны». Ён падкрэсліў, што падобны невялікі горад Влукі можа стаць месцам асаблівага дзеяння Бога.
Пробашч і захавальнік святыні, ксёндз Барташ Войташэк не хаваў хвалявання. Ён падзякаваў біскупу за станоўчы адказ на просьбу аб стварэнні святыні.
«Дзякуй Богу за гэты дзень. Я дзякую біскупу за ваша адкрытае і добрае сэрца ў адказ на маю просьбу, якая вынікала з сапраўднага і шчырага распаўсюджвання набажэнства да святога Шарбеля ў нашай парафіі», — сказаў ён.
Мараніцкі місіянер у Польшчы, ксёндз Фабіа М. Лутфі, заклікаў вернікаў пераймаць святога заступніка новай святыні. «Цяпер мы павінны рабіць тое ж самае, што рабіў святы Шарбель». Наблізіцца да Бога ў цішыні, у малітве, крычаць у нашых сэрцах, каб наша сувязь з Хрыстом станавілася ўсё мацнейшай і праўдзівейшай», — сказаў ён.
Сярод пілігрымаў было шмат тых, хто прыязджае ў Влукі ўжо шмат гадоў.
Невялікі гарадок Влукі ўвайшоў у спіс сусветных месцаў пакланення, прысвечаных святому Шарбелю. Там, дзе на працягу сямі гадоў вернікі збіраліся на набажэнствы, молячыся аб аздараўленні, міры і навяртанні, пачынаецца новая глава ў гісторыі — месца, якое прывядзе да будаўніцтва «храма сэрцаў» і аб’яднае людзей у малітве за Касцёл і ўвесь свет.
Святы Шарбель Махлуф нарадзіўся 8 мая 1828 года за 140 км ад Бейрута. Нягледзячы на супраціўленне сям’і, ён пакінуў дом ва ўзросце 23 гадоў і паступіў у манастыр Святога Марона ў Аннаі. Ён быў пасвечаны ў святары ў 1859 годзе. Пасля 16 гадоў у манастыры ён атрымаў дазвол ад настаяцеляў пераехаць у бліжэйшы скіт. 16 снежня 1898 года ён перанёс інсульт падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Ён памёр у Святы вечар, 24 снежня 1898 года, у… ва ўзросце 70 гадоў. Ён быў беатыфікаваны 5 снежня 1965 года Папам Паўлам VI, які кананізаваў яго 9 кастрычніка 1977 года.
Паводле misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
