Першая ў 2025 годзе сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі прайшла ў юбілейнай святыні ў Оршы

Спатканне адбылося ў сераду, 12 лютага, у парафіі святога Юзафа. Яна была прысвечана да сусветнага дня кансэкраванага жыцця, якое адзначалі 2 лютага.

Галоўным момантам стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што той факт, што сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў праходзяць у розных месцах дыяцэзіі, часам вельмі аддалёных, але такая тэрыторыя Віцебшчыны. Орша была выбрана невыпадкова, бо гэты касцёл, дзе служаць айцы марыяне, з’яўляецца юбілейным.

Падчас гаміліі віцебскі ардынарый разважаў пра важнасць паслугі святара і выклікі сучаснага свету. Біскуп засяродзіўся на Лісце да пробашчаў, які напісаў Папа Францішак. Святы Айцец там сфармуляваў тры прапановы, якія могуць натхніць лад жыцця і дзейнасць пастыраў: запрашэнне жыць сваёй асаблівай харызмай служэння на службе разнастайным дарам, які сее Дух у народзе Божым; прапанова вучыцца і практыкавацца ў мастацтве распазнання супольнасці; рэкамендацыя засноўваць усё на дзяленні і братэрстве паміж сабой і з біскупамі.

Пасля Эўхарыстыі адбыліся канферэнцыі: для законных сясцёр прамовіў кс. Валерый Марціноўскі, для святароў — айцец Аляксандр Жарнасек МІС. Кс. Валерый заахвоціў глыбей зазірнуць у думкі Святога Папы Яна Паўла ІІ, што «кансэкраванае жыццё — гэта дар ад Бога (Vita Сonsecrata)». Сёння Папа Францішак заклікае дбаць аб якасці гэтага дару, бо праўдзівы дар дае добры плён. Марыянін у сваю чаргу закрануў тэму жыцця кансэкраванага, не як захавання кансервацыі, але ў кантэксце пасвячэння. Святар асаблівым чынам звяртаў увагу сваіх сабратоў у святарстве, што галоўная логіка цэлібату — не займацца справамі гэтага света, а быць даступным для Госпада ў любы час.

Шчырую ўдзячнасць  манахіням за вялікую працу ў парафіяльных супольнасцях выказаў біскуп Алег. Сімвалічныя падарункі ад Віцебскага прэзбітэрыя атрымала кожная сястра, як выраз удзячнасці за іх пасвячэнне і малітву.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку