Паралін: біскуп аддае сваё жыццё за статак і не ўцякае ад ваўкоў

Біскупскае пасвячэнне мансеньёра Джан Лукі Перычы

Біскуп павінен быць «вартавым», які падтрымлівае адзінства і надзею сярод даручаных яму людзей, — зазначыў кардынал П’етра Паралін падчас біскупскага пасвячэння мансеньёра Джан Лукі Перычы.

У сваёй гаміліі падчас святой Імшы, якая прайшла ў ватыканскай базіліцы 15 ліпеня 2023 года, кардынал Дзяржсакратар закрануў ключавое пытанне, якое тычыцца ролі біскупа, нагадаўшы, у прыватнасці, пра абавязкі «несці Добрую Навіну бедным» і «гаіць раны разбітых сэрцаў».

Біскуп папярэджвае супольнасць аб небяспецы

Біскуп – гэта «знак Хрыста», — патлумачыў кардынал Паралін, нагадаўшы словы Папы Францішка, сказаныя падчас яго апостальскага падарожжа ў Канаду, аб тым, што апостал Пётр заклікае біскупаў клапаціцца пра статак, накіроўваць яго, не дазваляць яму збівацца са шляху, апекавацца ім з адданасцю і пяшчотай. Біскуп нагадвае добрага вартавога, які, узіраючыся ў гарызонт, папярэджвае супольнасць аб любой магчымай небяспецы. Ён нагадвае вартавога, які «ў слуханні Слова Божага, у малітве, у здзяйсненні сакрамантаў, у пакоры і міласэрнасці, дэманструе дзейсны спосаб пераадолення любых перашкод і захавання братэрскай згуртаванасці і жывой надзеі», — адзначыў іерарх.

Добры Пастыр

Па словах кардынала Параліна, біскуп пакліканы звярнуць свой позірк да «Сэрца Езуса, якое ззяе бясконцай любоўю», да Добрага Пастыра, «гатовага аддаць сваё жыццё за статак» і «не ўцякаць ад ваўкоў». Ён дадаў, што біскуп пакліканы заўсёды памятаць пра «гэта Сэрца, якое ззяе і выпраменьвае міласэрнасць», пра гэту «крыніцу міласэрнасці», якая нікога не адхіляе і прапануе кожнаму «радаснае абвяшчэнне сапраўднага збаўлення».

Папскі пасланнік

Дзяржсакратар нагадаў пра канкрэтную задачу, ускладзеную на мансеньёра Перычы: «данесці словы Папы да Касцёлаў і ўрадаў» дзяржаў, у якія ён накіроўваецца. У той жа час ён павінен быць «нястомным міратворцам у гэтым свеце, ахопленым крывавымі войнамі і канфліктамі», садзейнічаць абароне «асноўных правоў чалавека, якім часта пагражаюць ідэалогіі, якія выкарыстоўваюць іх у сваіх мэтах і маніпулююць імі». Нарэшце, ён павінен быць «сапраўдным мостам, здольным данесці патрэбы, праблемы, надзеі і страхі асобных памесных Цэркваў Паўсюднага Касцёла, дапамагаючы ім усвядоміць бацькоўскі клопат пераемніка апостала Пятра».

Арцыбіскуп Перычы паступіў на дыпламатычную службу Святога Пасада 1 ліпеня 2001 года і служыў у апостальскіх нунцыятурах такіх краін, як Ангола, Бразілія, Гаіці, Іспанія, Мальта, Мексіка, Партугалія і Швецыя. 5 чэрвеня 2023 года ён быў прызначаны Папам апостальскім нунцыем у Замбіі і Малаві.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку