Парафіяльную ўрачыстасць у Оршы адзначылі разам з рухам “Маці ў малітве” з усёй Беларусі

25 чэрвеня ў парафіі Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Оршы адбылася адпустовая ўрачыстасць. На яе прыбылі мясцовыя парафіяне, а таксама госці. У гэтыя дні ў рэкалекцыйным доме пры суседняй парафіі св. Юзафа праходзіла усебеларуская сустрэча руху «Маці ў малітве», таму маці і бабулі з ўсёй Беларусі таксама завіталі на свята.

Урачыстае святкаванне распачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. Затым адбылася галоўная святая Імша, якую цэлебраваў і прамовіў гамілію кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч з Глыбокага і экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі. «Сёння мы перажываем вялікае свята нашай Мамачкі Марыі і, канешне, найбольш мы рады вітаць Яе, што Яна з намі, прыходзіць каб адкрыць Сваё Сэрца і навучыць па-сапраўднаму любіць», — на самым пачатку скіраваў пробашч парафіі кс. Яўген Шымановіч і прывітаў прысутных вернікаў.

«Сёння наша Нябесная Маці Марыя асаблівым чынам глядзіць на Оршу, таму што гэта месца з’яўляецца ўсходняй часткай Беларусі, бліжэй Расіі. Сэрца Марыі  асабліва перажывае праз Расію за ўвесь свет… Марыя, спаглянь на гэтую парафію, адкуль няхай разыходзіцца Божая міласць на абыякавыя людскія сэрцы», — распачаў Літургію кс. Мікалай.

Падчас гаміліі святар распавёў аб сімвалічнасці і гісторыі святкавання Беззаганнага Сэрца Марыі.

Людміла Губіна, каардынатар руху «Маці ў малітве» у Беларусі распавяла  некалькі слоў для мясцовых парафіянак і гасцей пра гэты рух і з нагоды свята падаравала букет белых руж Маці Божай з пажаданнем: «На ружах заўсёды ёсць шыпы, гэта як у жыцці нашы грахі, якімі мы ранім Беззаганнае Сэрца Марыі. Таму хочацца, каб як мага менш было шыпоў, якія выходзяць  ад нас, а былі яны толькі на ружах». Сваё сведчанне ўдзелу і малітвы склала шматдзетная маці Аксана з Гродна.

Напрыканцы Імшы пробашч Яўген падзякаваў усім, хто праз розны спосаб прычыніўся да арганізацыі фэсту, а таксама гасцям урачыстасці.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку