Парафіяльную ўрачыстасць у гонар святога а. Піа адзначылі ў Лёзне

22 верасня ў Лёзне (Віцебскі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць святога айца Піа. Урачыстасць пачалася з Акафісту да св. айца Піа, які ўзначаліў айцец Аляксей Варанко, пробашч Грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага з удзелам парафіян сваёй супольнасці і пілігрымамі, якія прыбылі каб ушанаваць святога.

А 14 гадзіне пачалася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз канонік доктар Сяргей Сурыновіч, пробашч парафіі св. Антонія з Падуі ў Віцебску і віцэ-дэкан Віцебскага дэканату. Разам з ім святую Імшу канцэлебравалі: ксёндз канонік Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага суда ў Віцебскай дыяцэзіі і пробашч парафіі святога а. Піа, ксёндз Аляксандр Сапель, SDS, дырэктар Caritas Віцебскай дыяцэзіі і пробашч парафіі Святога Духа ў Віцебску, айцец Аляксей Варанко, пробашч Грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага з Віцебску, ксёндз Генадзь Рэйшэль, вікарый катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага з Віцебску, дзякуючы якому перад святой Імшой усе вернікі мелі магчымасць скарыстацца з сакраманту святой споведзі. На святой Імшы неслі паслугу протадыякан айцец Багдан Сунак і акаліт Арцём Калугін. Урачыстасць упрыгожваў хор пад кіраўніцтвам сястры Марыі Ёнашы Мровец.

Вітаючы прысутных кс. кан. Аляксей Ляшко, сказаў: “нягледзячы на тое, што айцец Піо святы з далёкай Італіі, ён вельмі блізкі для нас. Яго апека і малітоўнае заступніцтва заўсёды нас суправаджаюць. Пасля сённяшняй урачыстасці ніхто не вернецца дадому не атрымаўшы ласку ад Пана Бога, дзякуючы заступніцтву айца Піа”.

Пасля Евангелля, праспяванага айцом протадыяканам Багданам, гамілію прамовіў ксёндз канонік доктар Сяргей Сурыновіч, які падкрэсліў галоўныя рысы святога айца Піа (сціпласць, пакору, паслухмянасць) і як стылем свайго жыцця ён абвяшчаў Евангелле. Узгадаў кс.кан.др Сяргей і яшчэ пра адну адметную рысу святога, — добрае пачуццё гумару: “Айцец Піа меў выдатнае пачуццё гумару і часта рабіў дасціпныя заўвагі, гуляючы мнагазначнымі словамі або гутарковымі выразамі. Нават знаходзячыся ў спавядальні, часам адчытваў грэшніка нечаканай колкай заўвагай. Ён часта строга асуджаў іншых, але не забываў аб мяккасці і добразычлівасці. Яшчэ пры жыцці манаха-капуцына людзі, нават у размове з ім, закраналі пытанне аб яго магчымай кананізацыі. Аднойчы, калі гэтая тэма была закранутая, ён спаслаўся на папулярнае ў паўночнай Італіі сцвярджэнне, што жыхары паўднёвай часткі гэтай краіны — «макароннікі». Прымаючы бок паўднёўцаў, ён сказаў: «Калі мяне зробяць святым, то кожны, хто будзе шукаць майго заступніцтва, павінен будзе прынесці мне скрынку макаронаў. За кожную скрыню гарантую выкананне просьбы”.

Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнта, чытанне просьбаў і Літаніі да святога айца Піа, працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам і ўшанаванне рэліквій святога. Дарэчы просьбы, якія пакінулі пілігрымы і парафіяне, будуць чытацца кожную другую нядзелю месяца аж да наступнага літургічнага ўспаміну св.а. Піа.

Скончылася ўрачыстасць супольным пачастункам, прыгатаваным вернікамі парафіі ў Лёзне.

Тэкст: Людміла Гаўзінская, фота: Анастасія Калугіна, Людміла Гаўзінская.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі