Парафіяльная ўрачыстасць адбылася ў Лужках

29 верасня ў свята Святых Арханёлаў у парафіі Святога Арханёла Міхала ў Лужках адбылася адпустовая ўрачыстасць.

На свята завіталі госці з Глыбокага, Наваполацка, Дзісны, Германавіч. Прыехалі святары з Мёраў, Шаркаўшчыны, Глыбокага, Ушачаў, Германавіч і сёстры законныя з Наваполацка. Усіх прысутных шчыра прывітаў пробашч парафіі кс. Іван Кароткін.

Урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіі цэлебраваў кс. Андрэй Кулік – дэкан Мёрскага дэканату.

Гамілію прамовіў кс. Мікалай Ціхановіч. Развіваючы тэму свята кс. Мікалай нагадаў вернікам, што духоўны свет рэальны. Падчас святой Імшы мы славім Усемагутнага Бога разам з анёламі і арханёламі, з намі разам моліцца Багародзіца. Свята Святога Арханёла Міхала напамінае нам, што сатана быў зрынуты з неба на зямлю з-за сваёй гардыні. Хто паддаецца гардыні, той знішчае сябе.

Святар перасцярог вернікаў аб небяспецы забабонаў, магіі, загавораў, чараўніцтва, прывёў канкрэтныя прыклады з практыкі экзарцыста. Ксёндз Мікалай па-айцоўску параіў супрацоўнічаць з анёламі, маліцца да Анёла-ахоўніка, Арханёлаў, раіцца з імі ў розных жыццёвых сітуацыях, заклікаць іх на дапамогу, бо прысутнасць анёлаў жывая і рэальная.

Пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце вернікі памаліліся Літанію да Святога Арханёла Міхала.

Кс. Іван Кароткін выказаў словы падзякі, святарам, хору, усім удзельнікам свята, усім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы парафіяльнай урачыстасці.

Урачыстасць завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла і спевам гімна «Цябе, Бога, праслаўляем».

Алена Пажога, тэкст;
Леанід Юрык, фота

для друку для друку