Папскі візіт ужо паспрыяў пераменам у Паўднёвым Судане. Прэзідэнт ахопленай крывавымі канфліктамі краіны абвясціў падчас сустрэчы з Францішкам новы этап мірнага дыялогу, які будзе працягнуты ў Рыме.
У дзень прыезду Пантыфіка прэзідэнт Салва Кіір таксама абвясціў амністыю для больш чым 70 зняволеных. Больш за палову вызваленых чакала смяротнае пакаранне. Дакладных прычын свайго рашэння палітык не назваў. Вядома, аднак, што Святы Айцец і кіраўнік дзяржавы сустрэліся прыватна на самым пачатку візіту і даволі доўга размаўлялі. Неўзабаве пасля гэтага была абвешчана амністыя.
Як падкрэсліў адказны ў Супольнасці святога Эгідзія за міжнародныя адносіны Маўра Гарафала, плёны папскага візіту ў Паўднёвы Судан відавочныя. Менавіта гэтая арганізацыя выступіла пасрэднікам у перамовах, якія прывялі да пагаднення 2018 года аб спыненні адкрытай грамадзянскай вайны. Цяперашняя заява прэзідэнта азначае, што групы, якія ў той час не прынялі рэзалюцыі, будуць запрошаны для ўдзелу ў мірным працэсе.
Краіна да гэтага часу не знайшла дэмакратычных і цалкам мірных шляхоў вырашэння сваіх унутраных праблем, — падкрэсліў Гарафала. У многіх рэгіёнах лютуе гвалт, і першыя свабодныя выбары былі адкладзены на два гады, да 2024 года. Але прысутнасць Папы, Архіепіскапа Кентэрберыйскага і мадэратара Царквы Шатландыі падкрэслівае неабходнасць прымірэння і аднаўляе матывацыю зрабіць адпаведныя намаганні, — адзначыў прадстаўнік Супольнасці святога Эгідзія.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку