Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, здзейсняе візіт ва Украіну. Падарожжа праходзіць 18-19 ліпеня 2020 г. У яго рамках ватыканскі іерарх наведае Львоў і Бярдзічаў.
У Львове кардынал Краеўскі здзейсніў кансэкрацыю новага касцёла св. Яна Паўла ІІ, а таксама асвеціў вуглавы камень пад будаўніцтва цэнтра для бяздомных жанчын і самотных жанчын з дзецьмі, якім будуць апекавацца манахіні з кангрэгацыі Сясцёр Альбертынак Служак Бедных – духоўныя паслядоўніцы св. Альберта Хмялёўскага, вядомыя таксама як “альбертынкі”.
У нядзелю 19 ліпеня Папскі элемазінарый наведае Бярдзічаў, дзе ўзначаліць св. Імшу з нагоды штогадовай пілігрымкі да санктуарыя Маці Божай Бярдзічаўскай. Сёлета яна прайшла ў кантэксце Года пакліканняў, які быў абвешчаны Каталіцкім Касцёлам ва Украіне.
Пілігрымка кардынала Краеўскага адбываецца па запрашэнню Мітрапаліта Львоўскага, арцыбіскупа Мечыслава Макшыцкага. “Сёлета нам вельмі пашчасціла і мы вельмі ўдзячныя Яго Эмінэнцыі, кардыналу Краеўскаму, за прыняцце нашага запрашэння. З таго часу як пачалася вайна, Папа Францішак заўсёды быў блізкім да нашай краіны, нашага Касцёла, і дапамагаў нам рознымі спосабамі. Гэта прысутнасць Апостальскага элемазінарыя – сімвалічная. Такім чынам Папа нагадвае нам, што не забыў пра нас. Сваёй малітвай кардынал дасць нам суцяшэнне ў барацьбе з цяжкасцямі, у тым ліку тымі, якія перажываем у сувязі з пандэміяй”, — сказаў украінскі іерарх.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку