На італьянскім востраве Іск’я прайшлі першыя пахаванні ахвяр апоўзня. Па даручэнні Святога Айца, каб падтрымаць мясцовае насельніцтва, на востраў адправіўся кардынал Конрад Краеўскі.
26 лістапада 2022 года ў пяць гадзін раніцы абрынулася частка гары. Масы бруду і камянёў на вялікай хуткасці сышлі прама на пасёлак, забіўшы дванаццаць чалавек. Сярод іх былі дзеці. Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні запэўніў тых, хто пакутуе, у малітве і блізкасці Папы Францішка.
Пробашч парафіі Казамічолі, ксёндз Джына Балірана падкрэсліў, што ў гэты цяжкі момант ён назірае надзвычайную салідарнасць. “Сем’і кажуць пра клопат Святога Айца пра іх, і гэта важна, таму што ён прадстаўляе ўвесь Касцёл. Дзякуючы гэтаму мы адчуваем сябе часткай сям’і Касцёла і ведаем, што ён клапоціцца пра нас”, — адзначыў святар.
“Здзяйсненне гэтага візіту ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця, мае асаблівае значэнне. У абліччах бабуль і жанчын я бачыў пакуты Марыі, якая страціла сына, суправаджаючы Яго да апошняга ўздыху”, — падзяліўся кардынал Краеўскі.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку