Папа Францішак заснаваў у Ватыкане новую навучальную ўстанову ўніверсітэцкага тыпу, якае будзе імкнуцца даць адказ на глабальны крызіс сэнсу. Ажыццяўляць дзейнасць Універсітэта сэнсу будзе міжнародны адукацыйны рух Scholas Occurrentes.
Як тлумачыцца ў паведамленні, распаўсюджаным адукацыйным рухам 26 верасня 2023 года, Універсітэт сэнсу адчыняе дзверы для студэнтаў рознага паходжання, розных моў і веравызнанняў, каб ніхто не застаўся ўбаку. Гаворка ідзе аб стварэнні гасціннага і творчага месца, дзе кожны зможа адчуць сябе жаданым госцем. На думку ініцыятараў, Універсітэт сэнсу – гэта маленькае зярнятка, якое можа стаць вялікім дрэвам, карані якога – у вучэнні Папы Францішка і досведзе Scholas Occurrentes.
У навучанні плануецца выкарыстоўваць мовы навуковых і гуманітарных дысцыплін, мастацтва, тэхналогій і жыццёвага вопыту. Універсітэт дапаможа студэнтам адрозніваць тое, што проста карысна, ад таго, што неабходна, таму што “не хлебам адзіным жыве чалавек”, — гаворыцца ў паведамленні.
Міжнародны адукацыйны рух Scholas Occurrentes, заснаваны Папам Францішкам, ажыццяўляе адукацыйныя ініцыятывы і мерапрыемствы для моладзі розных веравызнанняў і культур у розных кутках свету. З 2015 года адукацыйны рух развівае сувязі з дзяржаўнымі і прыватнымі ўніверсітэтамі. Прадстаўнікі ўніверсітэтаў, якія ўваходзяць у сетку Scholas Occurrentes, дзеляцца сваімі дасягненнямі на штогадовым кангрэсе.
У 2020 годзе, у разгар пандэміі каронавіруса, Папа Францішак заклікаў Scholas Occurrentes прасоўваць ініцыятыву на ўніверсітэцкім узроўні. Сёння, калі чалавецтва сутыкаецца з новым крызісам, а культура, здаецца, страчвае сваю жыццяздольнасць, “выхоўваць – значыць даследаваць сэнс рэчаў”, — сказаў тады Святы Айцец.
Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку