Папа памоліцца аб “развязанні вузлоў”, выкліканых пандэміяй

Ружанцовай малітвай перад абразом Маці Божай, якая развязвае вузлы, Святы Айцец завершыць малітоўны марафон у інтэнцыі спынення пандэміі, аднаўлення грамадскага жыцця і прафесійнай дзейнасці.

Ружанец пройдзе 31 мая 2021 года ў Ватыканскіх садах. Ён распачнецца ў 17.45 па рымскім часе ўрачыстай працэсіяй з копіяй абраза Маці Божай, якая развязвае вузлы, вельмі дарагога Францішку. Арыгінал гэтай іконы захоўваецца ў касцёле св. Пятра ў нямецкім горадзе Аўгсбург. Ён быў намаляваны каля 1700 г. мастаком Ёханам Георгам Мельхіёрам Шмідтнерам. Яшчэ да абрання на пасаду Біскупа Рыма Святы Айцец прычыніўся да распаўсюджвання яго культа ў Аргентыне.

Выбар гэтай іконы быў абумоўлены жаданнем маліцца аб тым, каб Багародзіца дапамагла “развязаць” пакуты, якія злучылі свет у гэты час эпідэмічнага, эканамічнага, псіхалагічнага крызісу, а таксама крызісу сацыяльных адносін.

Папа Францішак даверыць Панне Марыі пяць малітоўных інтэнцый, пяць “вузлоў”, якія трэба развязаць, каб умацаваць надзею людзей. Першы – параненыя міжчалавечыя адносіны, у першую чаргу самотнасцю і абыякавасцю, якія паглыбіліся ў гэты час. Другі “вузел” – беспрацоўе. Трэці – драма насілля, асабліва да жанчын у сям’і. Чацвёрты “вузел” тычыцца чалавечага развіцця, якому павінны спрыяць плёны навуковых даследаванняў, даступныя ўсім. Апошняя, пятая інтэнцыя, тычыцца душпастырства. Папа будзе маліцца за тое, каб мясцовыя Касцёлы, парафіі, араторыі, душпастырскія і евангелізацыйныя цэнтры маглі знайсці запал і новы імпульс у сваёй дзейнасці, а таксама, каб маладыя людзі мелі магчымасць будаваць сем’і і будучыню.

Копія іконы будзе дастаўлена ў Ватыкан біскупам Аўгсбургскім Бэртрамам Ёханесам Майерам. Менавіта ён узначаліць працэсію перад малітвай. Іерарха будуць суправаджаць дзеці, моладзь і сем’і, сярод якіх прадстаўнікі парафіі Санта-Марыя-Дэла-Гротачэла ў Вітэрба, якая першая ў Італіі прадставіла свае памяшканні для правядзення вакцынацыі супраць каранавірусу.

Пасля малітвы абраз Багародзіцы будзе каранаваны каштоўнай каронай, зробленай у славутай ювелірнай майстэрні Fratelli Savi. Ружанец будзе трансліравацца ватыканскім СМІ і суправаджацца сурдаперакладам.

Малітоўны марафон аб спыненні пандэміі праходзіў у Каталіцкім Касцёле на працягу ўсяго мая. Яму даў старт сам Папа малітвай у ватыканскай базыліцы св. Пятра, пасля чаго Ружанец штодзённа праводзіўся ў адным з трыццаці марыйных санктуарыяў свету.

Ініцыятыва была высока ацэнена за яе прастату, а ў той жа час глыбокае пачуццё адзінства Касцёла са Святым Айцом. Дзякуючы прамой трансляцыі з дапамогай сродкаў камунікацыі мільёны людзей атрымалі магчымасць маліцца Ружанец згодна з традыцыямі розных культур і краін.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку