“Хвароба – частка нашага чалавечага досведу. Аднак яна можа стаць нечым нялюдскім, калі перажываецца ў ізаляцыі і пакінутасці, калі не суправаджаецца клопатам і спачуваннем”, — нагадаў Папа Францішак.
10 студзеня 2022 года было абнародавана пасланне Святога Айца на 31-ы Сусветны дзень хворага. Ён будзе адзначацца ва ўспамін Маці Божай Лурдскай, 11 лютага 2023 года. Тэма дакумента: Паклапаціся пра яго. Спачуванне як сінадальнае практыкаванне аздараўлення. “Я запрашаю вас паразважаць над тым, як, менавіта праз досвед слабасці і хваробы, мы можам навучыцца крочыць разам паводле Божага стылю, якім з’яўляецца блізкасць, спачуванне і пяшчота”, — напісаў Пантыфік.
Папа Францішак заклікаў ставіць хворых у цэнтр увагі, каб па-сапраўднаму быць супольнасцю, якая ідзе разам і не дае заразіць сябе “культурай адчужэння”. Ён заахвоціў наследаваць прыклад Добрага Самараніна, які злітаваўся над збітым і абрабаваным чалавекам, што ляжаў на ўзбочыне дарогі, не прайшоў міма, а дапамог яму, пачаўшы ствараць, такім чынам, “больш братэрскі свет”.
Папа адзначыў, што ў сучасным грамадстве часта няма месца для ўразлівасці, таму хваробы становяцца прычынай самотнасці і згубы спакою нават у адносінах з Богам для многіх людзей. У гэтым кантэксце неабходна, каб увесь Касцёл суадносіўся з евангельскім прыкладам Добрага Самараніна, становячыся сапраўдным “палявым шпіталем”.
“Мы ўсе крохкія і ўразлівыя; усім нам патрэбна спагадлівая ўвага, здольная спыняцца, набліжацца, атуляць клопатам і дапамагаць падняцца”, — напісаў Святы Айцец, дадаючы, што стан хворых людзей – гэта заклік “перамагчы абыякавасць і запаволіць крок, для тых, хто ідзе так, быццам не мае братоў і сясцёр”.
Пантыфік адзначыў, што Сусветны дзень хворага заклікае не толькі да малітвы і блізкасці да людзей у пакутах; ён таксама мае на мэце прыцягнуць увагу Божага народа, устаноў аховы здароўя і грамадзянскай супольнасці да магчымасці “па-новаму крочыць разам”.
Папа заклікаў задумацца пра служэнне святароў, працу медыцынскіх і сацыяльных работнікаў, пра высілкі членаў сем’яў і валанцёраў, “дзякуючы якім кожны дзень, ва ўсіх частках свету, дабро супрацьстаіць злу”. Ён заахвоціў да актыўнага пошуку стратэгій і рэсурсаў, “каб кожнаму чалавеку быў гарантаваны доступ да лячэння і фундаментальнае права на здароўе”.
“Паклапаціся пра яго” (Лк 10,35) – гэту параду самараніна карчмару Езус скіроўвае сёння да кожнага з нас, — перакананы Пантыфік, дадаючы, што “мы створаны для паўнаты, якой можна дасягнуць толькі ў любові” і таму “не можам быць абыякавымі да цярпення”.
“Важным з’яўляецца не толькі тое, што функцыянуе, і не толькі тое, хто стварае даброты. Хворыя знаходзяцца ў цэнтры Божага народа, які ідзе наперад разам з імі як прароцтва чалавецтва, у якім кожны каштоўны і ніхто не павінен быць адкінуты”, — падкрэсліў Папа, давяраючы апецы Багародзіцы хворых і ўсіх, кто клапоціцца пра іх.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку