Папа Ян Павел І будзе беатыфікаваны

13 кастрычніка 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, падчас якой дазволіў абнародаваць дэкрэты адносна некаторых Слугаў Божых.

Святы Айцец ухваліў два дэкрэты аб пацвярджэнні цудаў. Першы тычыўся Слугі Божага Яна Паўла І (Альбіна Лучані), Папы, які нарадзіўся ў 1912 г. у Канале Д’Агарда ў Італіі і памёр у 1978 г. у Ватыкане. Былы біскуп Віторыа Вэнэта, а потым Патрыярх Венецыі, яго пантыфікат быў адным з самых кароткіх у гісторыі і працягваўся ўсяго 33 дні.

Другі дэкрэт аб прызнанні цуду, тычыўся калумбійскай манахіні, с. Марыі Бэрэніс Дзюке Хенкер (свецкае імя Анна Хулія), заснавальніцы кангрэгацыі Малых Сясцёр Звеставання, якая нарадзілася ў 1898 г. і памерла ў 1993 г.

Таксама асобным дэкрэтам была пацверджана мучаніцкая смерць двух місіянераў, якія былі забіты з нянавісці да веры ў 1683 г. у Аргентыне: дыяцэзіяльнага святара, кс. Пэдра Артыса дэ Саратэ, і езуіта, кс. Джаванні Антоніа Салінаса.

Чатыры дэкрэты, ухваленыя Францішкам, тычацца прызнання гераічнасці цнотаў. Гаворка ідзе пра іспанскага дыяцэзіяльнага святара, кс. Дыега Эрнандеса Гансалеса (1915-1976); італьянскага францішканіна, а. Джузэпэ Спалеціні (1870-1951); французскую манахіню, с. Магдалену ад Езуса (свецкае імя Элізабэт Мары Мадален Ютэн (1898-1989)); а таксама італьянскую манахіню, с. Элізабэту Марцінэс (1905-1991), заснальніцу кангрэгацыі Дачок Найвяцейшай Марыі з Леўкі.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку