Пантыфік выказаў спачуванні ў сувязі з трагедыяй у Турцыі і Сірыі, дзе магутны землятрус прывёў да гібелі больш чым паўтары тысячы чалавек і да значнага ўрону для культурнай спадчыны.
У тэлеграме за подпісам Дзяржсакратара Яго Святасці кардынала П’етра Параліна, адрасаванай Апостальскаму нунцыю ў Турцыі, арцыбіскупу Марэку Сальчынскаму, гаворыцца, што Папа глыбока смуткуе з-за гібелі вялікай колькасці людзей. Святы Айцец запэўніў у блізкасці ўсіх пацярпелых і даверыў загінулых міласэрнасці Усявышняга, спачуваючы тым, хто аплаквае гібель сваіх блізкіх. Францішак пажадаў выратавальнікам “боскіх дароў моцы духа і вытрываласці ў клопаце пра параненых і ратавальных працах”.
Папа Францішак выказаў падобныя пачуцці і ў пасланні да Апостальскага нунцыя ў Сірыі, кардынала Марыё Дзенары. У тэлеграме, таксама падпісанай кардыналам Паралінам, гаворыцца, што Папа “ўзносіць шчырыя малітвы за душы памерлых і за ўсіх, хто іх аплаквае, давяраючы загінулых ад гэтай катастрофы Провіду Усемагутнага Бога”. Пантыфік запэўніў у малітве за тых, хто падтрымлівае насельніцтва ў гэтай надзвычайнай сітуацыі, молячыся аб Божым благаслаўленні сіл і міру для ўсяго сірыйскага народа, які пакутуе ўжо на працягу доўгага часу.
Канферэнцыя Біскупаў Італіі вырашыла накіраваць у якасці першапачатковага ўкладу ў дапамогу гэтым двум народам 500 тысяч еўра, узятых са сродкаў, якія жыхары Італіі добраахвотна ахвяравалі на карысць Каталіцкага Касцёла.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
