Папа запэўніў у малітве за Украіну, заклікаючы пераадолець напружанасць шляхам міжнароднага дыялогу, а таксама выказаў пажаданне, каб Божае Нараджэнне прынесла гэтай краіне мір.
“Дарагія браты і сёстры, хачу запэўніць у маёй малітве за дарагую Украіну, за ўсе яе Цэрквы, рэлігійныя супольнасці і за ўвесь яе народ, каб напружанасць была пераадолена шляхам сур’ёзнага міжнароднага дыялогу, а не з дапамогай зброі”, — сказаў Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 12 снежня 2021 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
Святы Айцец прызнаўся, што яго напоўніла вялікім болем знаёмства са статыстычнымі дадзенымі, паводле якіх сёлета было выраблена больш узбраенняў, чым годам раней. “Зброя – гэта не шлях. Няхай гэта Божае Нараджэнне прынясе Украіне мір», — пажадаў Папа Францішак.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
