Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, якая прайшла 23 жніўня 2023 года, Папа Францішак выказаў сваю блізкасць Украіне і заклікаў вернікаў маліцца за яе народ.
“Заступніцтву святога Барталамея даверым дарагую Украіну, якая з-за вайны праходзіць праз цяжкія выпрабаванні. Браты і сёстры, будзем маліцца за нашых братоў і сясцёр украінцаў. Яны шмат пакутуюць: вайна – жорсткая. Колькі зніклых без вестак дзяцей, колькі загінулых… Прашу вас, давайце будзем маліцца і не забываць пра змучаную Украіну. Сёння важны дзень для іх краіны”, — сказаў Папа, спасылаючыся на Дзень незалежнасці Украіны, які адзначаецца 23 жніўня.
Папа Францішак згадаў, што 24 жніўня ў Касцёле будзе адзначацца ўспамін святога Барталамея. Ён пажадаў, каб яго прыклад “дапамог нам быць шчырымі сведкамі Езуса і з верай пераносіць пакуты, памятаючы пра цярпенні, якія спазналі апосталы Евангелля”.
Вітаючы пілігрымаў з Польшчы, Пантыфік падкрэсліў, што 26 жніўня будзе адзначацца ўрачыстасць Маці Божай Чэнстахоўскай. “Няхая Яна, да якой вернікі здзяйсняюць пілігрымкі як да дому сваёй умілаванай маці, будзе для вас прыкладам слухання і пакорнага разважання над словамі Езуса Хрыста. Такім чынам вы будзеце несці канкрэтнае сведчанне любові да бліжняга, асабліва да ўкраінскага народу, які пакутуе ад вайны”, — сказаў Святы Айцец.
Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News
