Папа Францішак: Касцёл – дом для ўсіх, а не для абраных

Напярэдадні дзясятай гадавіны абрання Папа даў інтэрв’ю швейцарскаму радыё і тэлебачанню (RSI), урыўкі з якога апублікавалі 10 сакавіка 2023 года ватыканскія СМІ. Сярод тэм інтэрв’ю: прыярытэты пантыфікату, гасціннасць, вайна ва Украіне і іншыя канфлікты, адносіны з папярэднікам, жыццё пасля смерці.

Адказваючы на пытанне пра тое, што змянілася за апошнія дзесяць гадоў, Святы Айцец адзначыў, што “пастарэў, стаў менш вынослівым фізічна, праблема з каленам была фізічным прыніжэннем, хоць цяпер яно і добра гоіцца”. Папа таксама дадаў, што крыху саромеўся ездзіць у вазку.

На пытанне аб тым, ці адчувае ён сябе Папам апошніх, Папа Францішак адказаў: “Гэта праўда, што я аддаю перавагу адрынутым, але гэта не азначае, што я адхіляю іншых”.

Святы Айцец нагадаў, што Езус не выключаў нікога. “Ён сказаў: ідзіце на скрыжаванні і клічце ўсіх, хворых, добрых і дрэнных, маленькіх і вялікіх, багатых і бедных, усіх. Мы не павінны забываць пра гэта: Касцёл – не дом для некаторых, абраных. Святы народ Божы – гэта ўсе”, — перакананы Пантыфік.

Тое, што некаторыя людзі адчуваюць сябе выключанымі з Касцёла, Папа патлумачыў так: “Грэх ёсць заўсёды. Некаторыя мужчыны і жанчыны трымаюцца на адлегласці ад Касцёла. Гэта свайго роду свецкая ганарыстасць, адчуванне сябе лепшымі за іншых, але гэта несправядліва. Мы ўсе грэшнікі”.

Адказваючы на пытанне пра тое, як ён уяўляе сабе жыццё пасля смерці, Святы Айцец сказаў: “Я не магу сабе гэтага ўявіць. Я не ведаю, што будзе. Я проста прашу Багародзіцу, каб яна была побач са мной”.

На пытанне аб тым, чаму ён вырашыў жыць у Доме святой Марты, Папа сказаў, што Апостальскі палац падаўся яму велізарным і склалася адчуванне, што ён там “псіхалагічна не вытрывае”. Выпадкова праходзячы міма пакоя ў гасцініцы, ён вырашыў застацца там.

Пантыфік прызнаўся, што яму не хапае магчымасці шпацыраваць, хадзіць па вуліцам: “Я шмат гуляў. Я карыстаўся метро, аўтобусам, быў заўсёды з людзьмі”.

На просьбу падзяліцца сваімі думкамі пра Еўропу, Cвяты Айцец сказаў: “Цяпер там шмат маладых палітыкаў, кіраўнікоў урадаў і міністраў. Я заўсёды кажу ім: размаўляйце адзін з адным. У вас могуць быць левыя ці правыя погляды, але вы абодва маладыя, размаўляйце. Надышоў час для дыялогу паміж маладымі людзьмі”.

Разважаючы пра сваё аргентынскае паходжанне, Папа адзначыў, што “рэальнасць лепш бачыцца з адлегласці, чым з цэнтра. На адлегласці мы разумеем універсальнасць. Гэта сацыяльны, філасофскі і палітычны прынцып”.

Узгадваючы месяцы ізаляцыі, свае адзінокія малітвы на плошчы святога Пятра, Святы Айцец сказаў: “Ішоў дождж, людзей не было. Я адчуваў, што Пан быў там. Пан пажадаў гэтага, каб мы зразумелі, што такое трагедыя, адзінота, цемра, чума”.

На пытанне пра войны, Пантыфік адказаў, што за апошнія сто гадоў было тры сусветных вайны. “Ніхто не можа сказаць, што цяперашняя вайна не сусветная. Замешаны ўсе вялікія дзяржавы. Поле бітвы – Украіна. Там змагаюцца ўсе. Гэта прымушае задумацца аб прамысловасці зброі. Адзін эксперт казаў мне, што, калі не вырабляць зброю цягам года, будзе вырашана праблема голаду ў свеце. Гэта рынак. Ідзе вайна, прадаецца старая зброя, выпрабоўваецца новая”.

Адказваючы на пытанне аб тым, што б ён сказаў Пуціну, калі б сёння адбылася іх сустрэча, Папа зазначыў: “Я б гаварыў з ім так жа зразумела, як гавару на публіцы. Ён адукаваны чалавек. На другі дзень вайны я быў у пасольстве Расіі пры Святым Пасадзе, каб сказаць, што гатовы паехаць у Маскву, калі Пуцін пакіне мне акенца для перамоваў. Лаўроў падзякаваў мне пісьмова, але цяпер не час”.

Папа Францішак узгадаў таксама канфлікты ў Емене, Сірыі, М’янме і падкрэсліў, што “не верыць у святыя войны”.

Бэнэдыкт XVI, па словах Святога Айца, быў чалавекам Божым. Папа звяртаўся да яго па парады, і “яго меркаванні заўсёды былі ўраўнаважанымі, пазітыўнымі, мудрымі”.

Прычынамі яго магчымай адстаўкі ў будучыні Папа назваў “стомленасць, якая не дазваляе ясна бачыць рэчы”, а таксама праблемы са здароўем.

Апошняе пытанне тычылася звычайнай просьбы Папы маліцца за яго. “Усе моляцца. Няверуючым я кажу: маліцеся за мяне, і калі не моліцеся, пашліце мне добрыя хвалі”, — адказаў Папа, дадаючы, што “жадаць дабра іншаму — гэта малітва”.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі