Пантыфік: хрысціяне пакліканы разам сведчыць пра любоў Хрыста

Сведчыць пра ўцелаўлёную любоў Езуса Хрыста – гэта наша экуменічнае пакліканне, — адзначыў Папа 20 студзеня 2025 года падчас аўдыенцыі для міжканфесійнай дэлегацыі з Фінляндыі.

Прадстаўнікі каталіцкай, лютэранскай і праваслаўнай канфесій з Фінляндыі штогод наведваюць Ватыкан у кантэксце свята святога Генрыка, нябеснага апекуна гэтай краіны, і Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які праводзіцца з 18 па 25 студзеня.

Пантыфік прапанаваў паглядзець на постаць гэтага святога як на ікону надзеі. “Як пасланнік міру, святы Генрык запрашае нас ніколі не пераставаць маліцца аб каштоўным і кволым дары міру, а ў той жа час ён з’яўляецца сімвалам адзінства, падоранага Богам. Яго свята працягвае яднаць хрысціян розных Цэркваў і царкоўных супольнасцяў у супольным праслаўленні Пана”, — сцвердзіў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што разам з прадстаўнікамі канфесій у Ватыкан прыбылі таксама ўдзельнікі экуменічнага хора. У сувязі з гэтым ён нагадаў пра 1700-годдзе Нікейскага Сімвала веры, які назваў “надзвычайнай “партытурай веры””.

“І гэтай “сімфоніяй веры” ёсць сам Езус Хрыстус. Ён – уцелаўлёная праўда: сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, наш Пан і Збаўца. Кожнага, хто слухае гэту “сімфонію праўды” – не толькі вушамі, але і сэрцам, – дакранаецца таямніца Бога, які звяртаецца да нас, поўны Любові, у сваім Сыне. І на гэтай вернай любові грунтуецца надзея, якая не расчаруе, бо “ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым” (Рым 8, 38–39)”, — сказаў Папа Францішак.

“Сведчыць пра гэтую ўцелаўлёную любоў – наша экуменічнае пакліканне, у еднасці з усімі ахрышчанымі. Таму, я хацеў бы запрасіць вас зараз з сыноўскім даверам выказаць наша пакліканне, памаліўшыся супольна Ойча наш, кожны на сваёй мове”, — заахвоціў Святы Айцец напрыканцы свайго звароту да міжканфесійнай дэлегацыі.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі