Пантыфік: без сумневаў вера не развіваецца

Крызіс веры дэманструе патрэбу ў яшчэ большым заглыбленні ў таямніцу Бога, а думкі пра тое, што мы былі пакінуты Богам, прысутнічалі ў жыцці многіх святых, — падкрэсліў Папа.

2 сакавіка 2021 г. на паліцах італьянскіх кнігарняў з’явілася кніга кс. Марка Поца, турэмнага капелана з Падуі, у аснову якой было пакладзена інтэрв’ю з Папам Францішкам для тэлевізійнага праекту італьянскага каналу Nove. Яе назва – «Заганы і цноты» (Dei vizi e delle virtù). Урыўкі з выдання апублікавала Corriere delle sera.

Папа заўважыў, што ўсе людзі маюць слабасці, аднак важна адносіцца да іх сур’ёзна і ўсведамляць іх уплыў на жыццё. Пантыфік падкрэсліў, што схільнасць да гневу можа прыводзіць да разбуральных наступстваў, а таксама назваў жахлівай з’явай цкаванне, распаўсюджанае сярод падлеткаў.

“Цкаванне ўзнікае тады, калі асоба, замест пошуку ўласнай тоеснасці, прыніжае і абражае тоеснасць іншага. І калі ў моладзевых групах, у школе, у жылых кварталах здараюцца выпадкі агрэсіі, цкавання, мы бачым тут беднасць тоеснасці агрэсараў”, — падкрэсліў Пантыфік.

У гэтым кантэксце Папа Францішак звярнуў увагу на важнасць дзялення, мірнага суіснавання, дыялогу, слухання іншага чалавека, прысвячэння часу, “бо менавіта час стварае адносіны”.

Пантыфік назваў вельмі важнай цнотай разважлівасць, асабліва для людзей якія маюць кіраўнічую адказнасць.” “Хто кіруе без разважлівасці, той кіруе кепска і робіць дрэнныя ўчынкі, прымае няправільныя рашэнні, якія заўсёды губяць людзей”, — перакананы Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на важнасць сумневаў для веры. “Вера без сумневаў не развіваецца”, — падкрэсліў ён. “Думкі пра тое, што мы былі пакінуты Богам – гэта досвед веры, які перажывалі многія святыя, а таксама перажываюць многія людзі сёння, якія адчуваюць сябе пакінутымі Богам, але не губляюць веру. Яны захоўваюць гэты дар: у дадзены момант не адчуваю нічога, але захоўваю дар веры.

Хрысціяніну, які ніколі не праходзіў праз такі духоўны стан, чагосьці нестае, гэта значыць, што яго ўсё задавальняе. Крызіс веры – гэта не праява яе недахопу. Наадварот, ён паказвае патрэбу і прагненне ўсё большага заглыблення ў таямніцу Бога. Вера без выпрабаванняў выклікае ў мяне сумневы адносна яе сапраўднасці”, — падзяліўся Папа Францішак.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі