У Вялікую сераду 16 красавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбылася Імша Хрызма. Гэта той момант, калі ўвесь прэзбітэрый павінен сабрацца вакол алтара ў катэдральным касцёле.
Святая Імша Хрызма – знак адзінства Паўсюднага Касцёла і Касцёла на Віцебшчыне. Адзінства аб якім павінны сведчыць нашым жыццём, святарскай паслугай, жыццём кансэкраваным. І гэтым знакам таксама служыць Эўхарыстыя, якую асаблівым чынам будзем перажываць. Важным знакам, які аб’ядноўвае Касцёл з’яўляецца асвячэнне алеяў: алею хрызма, які ўжываецца падчас хросту і бежмавання, і алею хворых, які ўмацоўвае чалавека, каб далей трываць у еднасці.
Таксама ў гэты дзень святары аднаўляюць сваё абяцанне вернасці святарскаму служэнню. Адбыўся ўрачысты дыялог духавенства са сваім біскупам, які запытаўся ў прысутных, ці гатовыя яны ісці следам за Хрыстом і адказна выконваць сваю пастырскую місію.
У сваім слове, скіраваным да духоўных асобаў, ардынарый паразважаў над словамі прарока Ісаі (61, 1–3а): “Пан намасціў мяне …”
— Сёння спрабуем яшчэ раз усвядоміць сабе гэтую важную праўду, аднавіць сваю прыналежнасць і вернасць асабліваму дару, які атрымалі, дару Хрыстовага святарства, у якім маем асаблівы ўдзел. Патрабуем, каб зноў і зноў абуджаць у сабе свядомасць таго, кім з’яўляемся, каб не губляць арыентыр і накірунку, які вызначыў нам Езус, — падкрэсліў біскуп Алег.
“Сёння таксама нагода, каб скіраваць словы ўдзячнасці дарагім парафіянам за іх малітву паразуменне, за ўшанаванне святарскай паслугі ў жыцці простага чалавека, — дадаў пастыр дыяцэзіі, — і далей просім і разлічваем на падтрымку і малітву”.
Касцёл ёсць там, дзе ёсць біскуп, але без святарскай і манаскай паслугі, гэты Касцёл быў бы мёртвым.
“Шаноўныя святары, за тое, што чыніце, за вашы малітвы і паслугу няхай Бог шчодра адорвае вас сваімі ласкамі і бласлаўленнем. На гэтай няпростай дарозе і ў складаны час няхай Айцец дае мудрасці, а Божая Маці – Маці святароў — заўсёды трымае ў Сваёй апецы і сцеражэ ад подступаў злога духа”, — пажадаў іерарх.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
