Святы Пасад распаўсюдзіў інфармацыю пра смерць Папы Бэнэдыкта XVI.
“З болем паведамляю, што Папа-эмерыт Бэнэдыкт XVI памёр сёння ў 9.34 у кляштары Mater Ecclesiae у Ватыкане. Дадатковая інфармацыя з’явіцца як мага хутчэй”, — паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні.
Цела Бэнэдыкта XVI будзе спачываць у кляштары Mater Ecclesiae на тэрыторыі Ватыкана да раніцы панядзелка 2 студзеня 2023 года. Ніякіх афіцыйных візітаў і публічных малітваў у гэты час не прадугледжана.
У той жа дзень, пачынаючы з 9.00, цела будзе выстаўлена для наведвання ў базыліцы святога Пятра. Храм будзе адчынены ў панядзелак з 9.00 да 19.00, у аўторак і сераду – з 7.00 да 19.00.
Пахавальныя ўрачыстасці, якія ўзначаліць Папа Францішак, пройдуць на плошчы святога Пятра ў чацвер 5 студзеня ў 9.30. Квіткі для ўдзелу не прадугледжаны.
У пахаванні прымуць удзел афіцыйныя дэлегацыі Германіі і Італіі.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
