17 студзеня 2021 года ва ўзросце 91 года ў Сан-Джавані-Ратонда адышоў да Пана айцец Марцыян Мора. Айцец Марцыян яшчэ не быў у навіцыяце, калі сустрэў будучага святога. “Айцец Піа нагадаў мне майго дзеда”, — часта казаў ён.
Айцец Марцыян Мора — капуцын, які жыў у кляштары Сан-Джавані-Ратонда — быў апошнім, хто меў прывілей жыць на працягу 20 гадоў побач з будучым святым. Таксама быў шматгадовым сакратаром малітоўных груп айца Піа ў свеце.
Аздараўленне таты айца Марцыяна
Айцец Марцыян расказваў, што найбольш яго звязвае з айцом Піа надзвычайная і асабістая падзея: аздараўленне хворага бацькі. У таты быў рак лёгкіх. Калі лекары не давалі яму шанец жыць, мужчына вырашыў наведаць свайго сына Марцыяна ў Сан-Джавані-Ратонда. Тут адбылася сустрэча з айцом Піа.
Айцец Піа ўважліва паглядзеў на яго, потым схапіў яго за адварот пінжака, а другой рукой пачаў біць кулакамі ў грудзі, кажучы: «Хто сказаў табе, што ты хворы? Здаровы! Як ты?» — спытаў. А потым дадаў: «Да сустрэчы!” Адразу я гэтага не зразумеў, разуменне прыйшло пазней, распавядаў а. Марцыян.
Мужчына быў аздароўлены і памёр толькі праз пятнаццаць гадоў ад новай хваробы, пасля паўторнай сустрэчы з айцом Піа.
Сустрэчы са святымі
Нарадзіўшыся ў Мантэлеоне-ды-Пулья (правінцыя Фоджа, Італія), брат Марцыян насіў манаскі габіт амаль семдзесят пяць гадоў. Прапаведнік па пакліканні, важная асоба ордэна капуцынаў, ён вырашыў захоўваць духоўную спадчыну айца Піа.
Капуцын яшчэ ў Буэнас-Айрэсе сустрэўся з кардыналам Хорхе Марыа Берголіа, які хацеў даведацца больш пра айца Піа. Таксама сустракаўся з Янам Паўлам ІІ і Маці Тэрэзай з Калькуты — падчас іх візітаў у Сан-Джавані-Ратонда.
Па матэрыялах pl.aleteia.org. Пераклад Марыны Сінкевіч
для друку