Святая Імша на месцы пахавання ахвяраў той трагедыі распачалася ў 11 гадзін 26 чэрвеня.
На яе прыбылі кс. Мікалай Ціхановіч, дэкан Глыбоцкі, кс. Вячаслаў Барок з Віцебска, а. Анджэй Юхневіч з Шуміліна, кс. Віталь Галец з Ушачаў, супрацоўнік Віцебскай курыі а. Клеменс Верт. Сабраліся таксама вернікі з Мікалаева і навакольных вёсак. Усіх святароў і вернікаў прывітаў пробашч парафіі ў Мікалаеве кс. Аляксандр Півавар. Ён папрасіў пробашча з Глыбокага кс. Мікалая Ціхановіча ўзначаліць гэтую святую Імшу.
Кс. Мікалай у прывітальным слове адзначыў, што для глыбачан гэта трагедыя мае асаблівае значэнне, бо тут пахаваныя шмат людзей, што былі ў свой час глыбоцкімі парафіянамі. Ён заклікаў усіх маліцца за тое, каб падобныя трагедыі не здараліся ў будучым, каб і простыя людзі, і кіраўнікі рабілі з гэтага выснову.
Слова да вернікаў прамовіў кс. Вячаслаў Барок. Святар коратка ўзгадаў гісторыю тых страшных падзей.
На пачатку нямецкага наступлення ў чэрвені 1941 года чэкісты пагналі фізічна моцных вязняў на ўсход, дзе яны былі патрэбныя як рабочая сіла. Іх шлях пачаўся 24 чэрвеня 1941 года з Глыбокага. 26 чэрвеня калону пабачылі нямецкія лётчыкі, якія зрабілі некалькі стрэлаў па канваірах. Баючыся таго, каб вязні не разбегліся, кіраўнік канвою загадаў забіць усіх вязняў. Некалькі сотняў людзей былі расстраляныя з кулямётаў, уратавацца ўдалося адзінкам. Большасць гэтых людзей не былі асуджаныя нават па тагачасных нялюдскіх савецкіх законах, яны тады толькі знаходзіліся пад следствам.
Мы і зараз дакладна не ведаем колькасць ахвяраў той трагедыі, бо архівы і зараз засакрэчаныя. Розныя крыніцы называюць лічбы ад некалькі сотняў да двух тысяч чалавек. Святар адзначыў, што наша грамадства павінна асудзіць камуністычны рэжым, як некалі быў асуджаны нацызм. Хаванне гістарычнай праўды ён назваў шляхам у нікуды.
І вернікі, і святары маліліся за тое, каб Бог паслаў мудрасць нашым уладам, каб больш у нашай гісторыі не здаралася падобных злачынстваў.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, Зміцер Лупач, відэа
