З 2 па 5 студзеня ў доме Найсвяцейшай Тройцы айцоў вербістаў у Баранавічах (Пінская дыяцэзія) прайшлі паллатынскія дні моладзі.
На сустрэчы, арганізаванай айцамі палатынамі і сёстрамі палатынкамі, сабралася каталіцкая моладзь з розных месцаў краіны, якая хацела паглыбіць сваю веру, знайсці новых сяброў і чэрпаць натхненне з духоўнасці св. Вінцэнта Палоцці. У мерапрыемстве ўдзельнічала моладзь з Бярозы, Воранава, Германішак, Жлобіна і Мінска.
Насычаная праграма сустрэчы спалучала малітву, удзел у Эўхарыстыі і забаву. Праводзіліся канферэнцыі, займальныя і карысныя лекцыі “Сацыяльныя сеткі: небяспека і карысць” і “Мне 12-17 год, чаму мяне не разумеюць?”.
Адным з найважнейшых элементаў сустрэчы была малітва. Юнакі і дзяўчаты мелі магчымасць супольна маліцца і разважаць. Надзвычай важным аспектам быў удзел у святой Імшы. Удзельнікі маглі разам адчуць прыгажосць і веліч сакрамэнту святой Эўхарыстыі, еднасць і моц, якую дае супольнасць вернікаў.
Цікавымі момантамі сустрэчы былі весялосць і інтэграцыя. Тэматычныя вечары, гульні, размовы дазволілі ўдзельнікам знайсці новых сяброў і падзяліцца радасцю, стаць часткай гэтай вялікай супольнасці. Атмасфера ўзаемаразумення і падтрымкі натхняла маладых людзей у будучыні пераадольваць межы і садзейнічаць укараненню хрысціянскіх каштоўнасцяў у штодзённым жыцці.
Гэтая сустрэча была не толькі нагодай да шчырай малітвы і вялікай радасці, але таксама часам разважання і ацэнкі ўласнай духоўнасці. Маладыя людзі былі заахвочаны ўплываць на сваё асяроддзе, тых, хто імкнецца стаць лепшымі католікамі па прыкладзе св. Вінцэнта Палоцці. Малітва, святая Імша і канферэнцыі былі моцным падмуркам для таго, каб у далейшым яднаць высілкі дзеля развіцця веры і ўмацавання духоўнай лучнасці маладых католікаў з Богам.
Палатынскія дні моладзі былі таксама адмысловай магчымасцю сустрэчы з людзьмі, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, часам непасрэднага паглыблення адносінаў з Панам, духоўнага ўзрастання. Гэтая ўнікальная падзея нагадала ўдзельнікам, наколькі важным у жыцці з’яўляецца асабістае духоўнае развіццё, нагадала пра моц і прыгажосць каталіцкай веры.
