Паглядзіце, як аднавілі алтар у Новалукомлі пасля атакі вандалаў

У Новалукомлі 24 ліпеня адбыўся парафіяльны фэст у гонар святой Марыі Магдалены. Раней гэта быў абавязковы ўспамін, зараз адзначаецца, як свята, па жаданню Папы Францішка, які хацеў такім чынам падкрэсліць ролю не толькі гэтай святой, але і ўсіх жанчын у Касцёле.

Сёлета, ноччу 18 сакавіка, як мы пра гэта паведамлялі, невядомыя каля першай гадзіны ночы забраліся ў касцёл і напісалі чорнай фарбай абразлівыя словы ў прэзбітэрыі касцёла. Зараз гэтая частка касцёла адноўлена: упрыгожана фрэскай і новым алтаром.

На свята сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але і госці з Віцебска, Глыбокага, Лынтуп, Чашнік, Мінску. Прыбылі на фэст ксёндз канонік Віктар Місевіч, канцлер Віцебскай дыяцэзіі і ксёндз Станіслаў Станеўскі з Мінску.

На пачатку ўрачыстай Літургіі пробашч парафіі кс. Мікалай Ліпскі прывітаў прысутных святароў і вернікаў, а ксяндза каноніка Віктара запрасіў узначаліць гэту святую Імшу.

Падчас гаміліі кс. Віктар разважаў пра асобу Марыі Магдалены, пра тое, як яна прайшла ўсе складаныя элементы духоўнага жыцця.

Таксама святар закрануў тэму любові паміж Богам і чалавекам. Бог хоча каб мы былі ў пошуку, каб Яго шукалі. І Марыяй Магдаленай кіравала менавіта пачуццё любові да Езуса ў тую цёмную ноч, калі яна была каля магілы.

“Часамі бывае ў нашы хвіліны такая ноч. У веруючага чалавека прысутнічае ноч выпрабаванняў ці цярпенняў, калі надзея знікае ці вера слабне. Марыя Магдалена нам сёння падказвае, якая б не была ноч у тваім жыцці – шукай Хрыста, не заставайся сам насам з гэтым крыжам цярпенняў. Бывае такая спакуса ў чалавека веруючага – аддзяліць крыж ад Хрыста, пакрыўдзіцца на Бога… І гэта ёсць памылка. Марыя Магдалена падказвае, што нават у цёмную ноч, калі не бачна нічога, шукай Хрыста, ідзі да Яго, ідзі туды, куды кліча цябе тваё сэрца. Калі ты Яго аднойчы палюбіў, то будзеш ведаць, дзе Ён ёсць і будзеш імкнуцца на сустрэчу з Ім”, — заклікаў кс. Віктар.

Падчас Імшы адбылася працэсія з дарамі, у якой прынялі ўдзел дзеці і моладзь парафіі. Маладыя вернікі паднеслі свечку як сімвал святла Хрыста, хлебны каравай, кветкі, садавіну як сімвал прыгажосці і багацця, што дае нам зямля, а таксама віно, ваду і гостыю.

На заканчэнне малітоўнай часткі фэсту адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, малітва Літаніяй да святой Марыі Магдалены і Эўхарыстычная працэсія вакол святыні.

У сваю чаргу кс. Мікалай Ліпскі падзякаваў усім, хто прыбыў на ўрачыстасць і хто дапамагаў яе рыхтаваць, а затым запрасіў прысутных на пачастунак і канцэрт. На гэты раз у госці завіталі гурты Recha і Laudans, якія парадавалі прысутных сваімі спевамі.

З кожным прыездам у Новалукомль бачыш на прыкасцельнай тэрыторыі нешта новае: альпійская горка з фігурай Маці Божай і фантанам, сцэна для выступу музыкаў, два камяні, якія прыгадваюць скрыжалі з дзесяццю запаведзямі, новая агароджа тэрыторыі. Усё гэта дзякуючы намаганням ксяндза Мікалая Ліпскага, які нясе душпастырскую паслугу ў парафіі.

Леанід Юрык, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі