23 верасня Каталіцкі Касцёл успамінае падрэ Піа – адзінага вядомага ў гісторыі Касцёла святара, які меў на сваім целе раны Хрыста, стыгматы. Сёння мы хочам прыгадаць некаторыя моманты з яго жыцця.
Паслядоўнік св. Францішка
Марыя і Грацыа Фарджонэ назвалі свайго сына Францішак у гонар св. Францішка Асізскага. Пасля ён стаў падобны да свайго святога заступніка, нават атрымаў дар стыгматаў – адпаведных ран Езуса Хрыста. Францішак быў адным з васьмі дзяцей у беднай вясковай сям’і. Яго бацька двойчы шукаў працу ў Амерыцы, імкнучыся зарабіць на ўтрыманне сям’і.
Францішак быў вельмі набожным дзіцём. Яго з дзяцінства вабіла святарства. Спачатку хлопчыка навучалі прыватныя настаўнікі, потым ён пачаў хадзіць у школу, у якой займаліся капуцыны. У юнацкім узросце Францішак не вызначаўся моцным здароўем: яго, у прыватнасці, часта мучылі загадкавыя прыступы ліхаманкі. Нашмат пазней, ужо прынёсшы зарок паслухмянасці, ён прызнаўся, што вельмі рана адкрыў сваё пакліканне. Але ён адчуваў і цягу да спакусаў свецкага жыцця. Душа яго не раз станавілася арэнай жорсткай барацьбы.
Айцец Піа пісаў, што нават па сканчэнні дваццаці гадоў пасля ўспамінаў пра гэтую духоўную барацьбу ў ягоных жылах стыне кроў. Але Францішку было дадзена перажыць бачанне, якое дапамагло яму здзейсніць такі незвычайна цяжкі выбар. Расстанне з сям’ёй стала цяжкім выпрабаваннем, але Езус і Марыя суцешылі яго, пераконваючы ў Сваёй апецы. Францішак у шаснаццаць гадоў пачаў навіцыят у ордэне капуцынаў – адным з трох незалежных адгалінаванняў ордэна францішканцаў. У манаскі габіт ён апрануўся ў 1902 годзе.
Новае імя – айцец Піа
Пасвячэнне ў сан святара Францішак прыняў у 1910 годзе пасля сямі гадоў вучобы. З тых часоў быў вядомы як айцец Піа.
Праз шэсць гадоў, як і многіх іншых італьянскіх святароў, яго забралі ў войска. Там манах-капуцын захварэў. Лекары з вайсковага шпіталя, у які ён патрапіў, былі ўражаныя станам яго здароўя. Звычайныя тэрмометры трэскаліся, настолькі высокай у яго была тэмпература (!) У рэшце рэшт лекары прызналі яго непрыдатным да ваеннай службы і паставілі яму дыягназ – сухоты. Духоўныя ўлады ордэна палічылі, што айцец Піа блізкі да смерці, і адправілі яго ў манастыр у Сан-Джавані Ратонда. Але ён там пражыў нашмат больш, чым тыя некалькі месяцаў, якія яму прадказвалі. Ён правёў у манастыры пяцьдзясят адзін год.
Стыгматы – узнагарода ад Госпада?
Калі 20 верасня 1918 года айцец Піа на каленях маліўся перад вялікім распяццем, у яго з’явіліся выразна бачныя стыгматы – раны на руках, нагах і ў баку. Адзін з братоў якраз праходзіў міма па калідоры і заўважыў яго, які ляжаў без прытомнасці ў капліцы на каменнай падлозе. Ён паведаміў пра гэта гвардыяну, і яны разам перанеслі айца Піа ў яго келлю. Неадкладна праінфармавалі пра здарэнне генерала ордэна. Ён жа загадаў сфатаграфаваць такія загадкавыя раны і паклікаць лекара, каб той агледзеў іх. Лекар, які аглядаў айца Піа, не змог лагічна растлумачыць паходжання гэтых ран. Звычайна раны гояцца ці гнаяцца, і тады можа здарыцца заражэнне крыві. У выпадку з айцом Піа гэтае правіла не пацвердзілася. Калі стыгматы з’явіліся ўпершыню, быў зафіксаваны інтэнсіўны крывацёк. На працягу наступных пяцідзесяці гадоў кроў сачылася пастаянна, нават тады, калі ён паміраў, у 1968 годзе, гэта значыць, акурат па сканчэнні пяцідзесяці гадоў.
Улады Касцёла, сутыкнуўшыся з такімі феноменам, як стыгматы айца Піа, паставіліся вельмі асцярожна да названай з’явы. Падобныя феномены старанна даследуюцца, каб людзі не шукалі цудаў у чымсьці, што было б вынікам самых натуральных з’яў. Зыходзячы з такой прадбачлівасці Касцёла, справа айца Піа выклікала шэраг засцярог.
Паслухмянасць як адметная рыса айца Піа
Падрэ Піа заўсёды згаджаўся з любымі патрабаваннямі духоўных уладаў. Аднойчы яму нават забаранілі паказваць стыгматы іншым людзям, а вернікам не дазвалялі яго бачыць. У той час яму была неабходная аперацыя па выдаленні жоўцевага пухіра. Духоўныя ўлады паклапаціліся, каб яна прайшла ў манастыры, дзе адно з памяшканняў ператварылі ў аперацыйную.
Капуцын у гэты дзень устаў рана і зрабіў усё, што ўваходзіла ў яго абавязкі, пасля чаго зайшоў у гэты маленькі часовы шпіталь і лёг на аперацыйны стол. Ён спакойна адмовіўся ад наркозу. Калі шакаваны лекар спытаў пра прычыну падобнага рашэння, айцец Піа патлумачыў, што асцерагаецца, каб хірург не выкарыстаў гэтую магчымасць і не падвергнуў стыгматы дасканаламу агляду, бо манаху забаранілі іх паказваць. Айцец Піа ў духу безумоўнай паслухмянасці настолькі дакладна выконваў загады духоўных уладаў, што адважыўся нават перанесці такую сур’ёзную аперацыю без наркозу. Дзве гадзіны ён трываў без слова скаргі. Слёзы ручаём цяклі па яго твары. Прысутныя чулі, як ён казаў: «Езусе, даруй мне, што не ведаю, як трэба пераносіць пакуты». Праз некаторы час святар ад болю страціў прытомнасць, і тады лекар агледзеў стыгматы.
Вялікі спавяднік Касцёла
Стыгматы не былі адзіным містычным перажываннем, якое сустрэла айца Піа. Кроў, што цякла з ран, сваім пахам, як гэта апісвалі многія, нагадвала духі ці кветкі. Прыпісвалі яму і дар білакацыі (адначасовага знаходжання ў двух месцах). Айцец Піа мог зазірнуць у сэрца грэшніка. А ахвотных паспавядацца ў яго былі натоўпы!
Ён штодня адводзіў на споведзь ад дзесяці да дванаццаці гадзін. Многія людзі сцвярджалі, што айцец паведамляў ім іх таямніцы, перш чым яны паспявалі адкрыць рот. Казаў пра тое, чаго не мог ведаць. Часам адмаўляўся даць адпушчэнне грахоў чалавеку, калі лічыў, што той недастаткова каіцца. А часам цяжка пакутаваў за чужыя грахі. Часта здаралася, што, калі айцец Піа даваў адпушчэнне грахоў, твар яго выказваў велізарную боль. Нярэдка пры гэтым чалавек, які толькі што вызваліўся ад цяжкіх грахоў, адчуваў вялікую палёгку.
Айцец Піа выкарыстоўваў споведзь, каб набліжаць да Бога як грэшнікаў, так і людзей набожных. Ён ведаў, калі неабходна каго-небудзь суцешыць або падбадзёрыць. Адзін расейскі князь, які потым сам уступіў у манаскі ордэн, так апісаў сваю сустрэчу з айцом Піа: «Усё, што ён казаў, было прызначана толькі мне. Не было ніводнай фразы, ні адной парады, якія б маглі быць ужытыя для кожнага. Не было ў яго словах ні ценю празмернай саладжавасці, ні красамоўства, ні надакучлівай фанабэрыстасці».
Справа малітвы
Малітвы айца-капуцына былі вельмі эфектыўныя. У 1914 годзе ён так апісаў сваё перажыванне малітвы: «Я не пачынаю маліцца да таго часу, пакуль майго сэрца не перапоўніць агонь любові. Гэты агонь не нагадвае нічога з таго, што гараць на нашай нікчэмнай зямлі. Гэта салодкае і далікатнае полымя, якое паглынае, каб не балела. Яно такое салодкае і далікатнае, што задавальняе і насычае мой дух у найвышэйшай ступені. Добры Божа! Самым выдатным для мяне з’яўляецца той факт, што, падобна, я гэтага ўсяго не змагу зразумець, пакуль не апынуся ў небе … »
Да канца саракавых і пачатку пяцідзясятых гадоў у адказ на шматразоў паўтораны заклік папы Пія XII, каб вернікі маліліся ў групах, айцец Піа ўзначаліў стварэнне шматлікіх групаў малітвы – як у Італіі, так і за межамі гэтай краіны. Нягледзячы на тое, што ён імі кіраваў, айцец Піа пастаянна патрабаваў ад іх паслухмянасці мясцовым духоўным уладам. Ён імкнуўся да таго, каб у малітоўныя групы ўваходзілі і дарослыя, і дзеці. У 1968 годзе было ўжо 726 такіх груп, якія працягваюць існаваць амаль у дваццаці краінах і якія налічваюць шэсцьдзесят восем тысяч чальцоў. 31 ліпеня 1968 года Апостальскі Пасад прызначыў першага генеральнага апекуна групаў малітвы.
Любоў да Эўхарыстыі
Любоў да Эўхарыстыі гарэла ў сэрцы айца Піа як нязгаснае полымя. Аднойчы ён напісаў, што калі прымае Езуса ў Святым Сакраманце, то гэта толькі ўзмацняе яго голад і прагу Бога. Ён казаў: «Зямлі было б лягчэй існаваць без сонца, чым без Святой Імшы». Людзі, якія прымалі ўдзел у Імшы, дзе служыў айцец Піа (а яго святыя Імшы працягваліся па паўтары гадзіны і нават даўжэй), выходзілі са свядомасцю, што размаўлялі са святым.
Выдатнае пачуццё гумару
Айцец Піа меў выдатнае пачуццё гумару і часта рабіў дасціпныя заўвагі, гуляючы мнагазначнымі словамі або гутарковымі выразамі. Нават знаходзячыся ў спавядальні, часам адчытваў грэшніка нечаканай колкай заўвагай. Ён часта строга асуджаў іншых, але не забываў пра мяккасць і добразычлівасць.
Яшчэ пры жыцці манаха-капуцына людзі нават у размове з ім закраналі пытанне пра яго магчымую кананізацыю. Аднойчы, калі гэтая тэма была закранутая, ён спаслаўся на папулярнае ў паўночнай Італіі сцвярджэнне, што жыхары паўднёвай часткі гэтай краіны – «макароннікі». Прымаючы бок паўднёўцаў, ён сказаў: «Калі мяне зробяць святым, то кожны, хто будзе шукаць майго заступніцтва, павінен будзе прынесці мне скрынку макаронаў. За кожную скрыню гарантую выкананне просьбы».
Падрэ Піа памёр 23 верасня 1968 года ва ўзросце васьмідзесяці аднаго года. На яго пахаванне прыбыло каля ста тысяч вернікаў. Працэс па справе аб яго беатыфікацыі быў пачаты ў Рыме ў 1973 годзе. 2 мая 1999 года Папа Ян Павел II абвясціў айца Піа бласлаўлёным, а 16 чэрвеня 2002 года – святым.
Бачанне душ з Чыстца
Аднойчы ўвечары падрэ Піа знаходзіўся на першым паверсе манастыра. Ён быў адзін і толькі што лёг у ложак, як раптоўна перад ім з’явіўся стары чалавек, апрануты ў чорны плашч. Здзіўлены айцец Піа падняўся і спытаў у яго, хто ён і чаго хоча. Незнаёмы адказаў, што ён – душа з Чыстца. «Мяне клічуць П’етра ды Маўра. Я загінуў у пажары 18 верасня 1908 г. у гэтым манастыры, пераўтвораным пасля экспрапрыяцыі ў прытулак для жабракоў. Аднойчы ўвечары я заснуў з непатушанай папяросай, лежачы на матрацы з саломы, і згарэў. Прыбываю з Чыстца: Бог дазволіў мне прасіць Вас адправіць за мяне ранішнюю Імшу. Дзякуючы адной Імшы я змагу патрапіць у Рай». Айцец Піа паабяцаў, што адслужыць за яго Імшу. Вось словы самога а. Піа: «Я папрасіў праводзіць мяне да дзвярэй. Я зразумеў, што размаўляю з мёртвым, паколькі, калі мы выйшлі, чалавек побач са мной раптоўна знік. Я мушу прызнаць, што быў даволі напалоханы. Настаяцель манастыра, заўважыў маю нервовасць. Патлумачыўшы яму, што адбылося, я папрасіў «дазволу канцэлебраваць Імшу за душу, якая памірае». Праз некалькі дзён айцец-настаяцель вырашыў праверыць інфармацыю і атрымаў дазвол прагледзець рэгістрацыйныя кнігі пасёлка Сан-Джавані Ратонда з 1908 года. Гісторыя а. Піа аказалася праўдзівай. У хроніках смяротных выпадкаў за верасень айцец-настаяцель знайшоў імя, прозвішча і прычыну смерці згаданага айцом Піа чалавека: «18 верасня ў пажары ў прытулку загінуў П’етра ды Маўра, сын нябожчыка Мікалая».
Аздараўленні з дапамогай падрэ Піа
У 1919 г. адбыўся адзін незвычайны выпадак. У Сан-Джавані Ратонда прыбыў 14-гадовы падлетак Антоніа. У чатырохгадовым узросце ён перахварэў на сыпны тыф. У выніку яго цела дэфармавалася, спераду і ззаду ўтварыліся два вялікія гарбы. Падрэ Піа спавядаў хлопца і дакрануўся да яго сваімі рукамі са стыгматамі. Хлопчык устаў з каленяў, выпрастаўшыся як ні ў чым не бывала. Гарбы зніклі.
*** *** ***
Аповед аднаго чалавека. «Маё калена апухла і вельмі балела. Гэта працягвалася некалькі дзён. Доктар сказаў, што становішча сур’ёзнае, і скіраваў мяне на лячэнне. Перад тым, як пачаць лячэнне, я паехаў да айца Піа. Пасля споведзі я расказаў яму пра захворванне калена і прасіў маліцца за мяне. Збіраючыся з’яжджаць з Сан-Джавані Ратонда, я ўжо не адчуваў болі. Агледзеўшы калена, заўважыў, што пухліна знікла. Замест таго, каб з’ехаць, я неадкладна вярнуўся да падрэ Піа са словамі падзякі. Ён адказаў: «Ты не мне павінен дзякаваць, а Госпаду!» Потым дадаў з усмешкай: «Скажы свайму доктару, што ты зрабіў прапісаныя ўколы».
Малітва святога айца Піа
Пабудзь са мной, Пане,
бо мне Твая прысутнасць неабходна,
каб не забываць пра Цябе.
Ты ж ведаеш, як лёгка я пакідаю Цябе.
Застанься са мной, Пане, бо я слабы.
Мне патрэбна Твая сіла, каб не ўпасці.
Без цябе маё імкненне згасае.
Пабудзь са мной, Пане,
бо толькі Ты для мяне – святло.
Пакажы мне волю Тваю,
каб пачуў я Твой голас і пайшоў за ім.
Будзь са мной, каб я быў верны Табе,
мая бедная душа прагне стаць для Цябе
месцам суцяшэння.
Пабудзь са мной, Пане,
бо дзень ужо хіліцца да захаду,
становіцца позна. Жыццё праходзіць, і набліжаецца вечнасць.
Трэба сілы набрацца, каб не прытаміцца ў дарозе.
Пабудзь са мной, Пане,
бо Ты мне патрэбны.
Так, застанься са мной,
бо толькі Цябе я шукаю, Тваёй любові,
Тваёй ласкі, Твайго Духа. Люблю Цябе, Пане,
і адной толькі ўзнагароды прашу: любіць Цябе мацней і мацней!
Амэн.
Падрыхтавала Вікторыя Арфеева
