Святая Імша адбылася ў сераду 7 лістапада, у дзень, калі ў Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаецца дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Набажэнства адбылося па ініцыятыве пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім ксяндза Мікалая Ціхановіча. Каля ста вернікаў разам са святарамі сабраліся ва ўрочышчы Барок, што каля самага Глыбокага, на месцы пахавання савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных. Непадалёк адсюль, каля сценаў сучаснай турмы ў Глыбокім, быў нацысцкі лагер для савецкіх ваеннапалонных. Згодна афіцыйных дадзеных, тут пахавана каля 27 тысяч чалавек, якія памерлі ад голаду, холаду або былі расстраляныя. Тут жа знаходзяцца пахаванні некалькі соцень італьянскіх ваеннапалонных, якіх нацысты расстралялі ў 1943 годзе, калі Італія перастала быць саюзнікам Германіі.
На могілках усталяваныя 27 валуноў, кожны з якіх сімвалізуе тысячу ахвяраў. На пачатку 90-х гадоў на гэтым мемарыяле быў устаноўлены крыж. Каля гэтага крыжа і адбылася святая Імша.
Святары маліліся за ахвяраў абодвух рэжымаў, а таксама ў інтэнцыі прабачэння за тое зло, што рабіў на гэтай зямлі камуністычны рэжым. У сваім слове да вернікаў ксёндз Мікалай яшчэ раз нагадаў пра ахвяраў савецкага рэжыму, паказаўшы спіс людзей, што загінулі ў турме НКВД у Беразвеччы (зараз гэта частка Глыбокага).
— Ніхто публічна не перапрашаў за грахі рэжыму ў нашай краіне, ніхто не пакаяўся за забойствы людзей, за іх вываз, за іншыя рэпрэсіі. Хто гэта будзе рабіць, калі не Касцёл? Я лічу, што гэта наш святы абавязак, — падкрэсліў святар.
Ён таксама адзначыў, што калі па ахвярах нацызму мы маем помнікі, то помнікаў ахвярам савецкага рэжыму пакуль няма. Хаця святар лічыць, што такія помнікі трэба ставіць, і, цалкам магчыма, што такі помнік можа з’явіцца і ў Глыбокім. Трэба толькі канструктыўнае супрацоўніцтва з мясцовай уладай:
— Гэта ўжо вялікая справа, што тут не адбываюцца п’янкі, гулянкі і рознага роду падобныя мерапрыемствы, якія не павінны тут адбывацца.
Трэба адзначыць, што да пачатку 90-х гадоў непадалёк адсюль адзначаліся розныя мерапрыемствы: дні горада, Купалле, тут праводзіліся канцэрты. Сцэна была размешчана непадалёк ад пахаванняў. На гэтых святах прадаваўся алкаголь, і людзі пілі і весяліліся проста ля магілаў. Потым святы адсюль перанеслі, сцэну разабралі.
Ксёндз Мікалай таксама падкрэсліў, што сённяшняя Імша – гэта не палітычная акцыя, а даніна памяці тым людзям, што загінулі ад абодвух таталітарных рэжымаў.
Праз дарогу ад пахаванняў знаходзіцца стрэльбішча, якое дзейнічае і зараз. Пабудавалі яго яшчэ польскія пагранічнікі, але тады тут не было пахаванняў, ды і мяжа горада была далёка. Зараз тут вучацца страляць пры самых магілах, ды і горад знаходзіцца побач.
— Можа гэта і не зусім па-чалавечы. Думаю, гэта пытанне можна было б вырашаць з мясцовай уладай. Бо гэта месца павінна быць месцам спакою, малітвы і разважання, — мяркуе ксёндз Мікалай.
Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, Леанід Юрык, фота