Па старонках старых газет: асвячэнне капліцы на Копцеўцы і гімназіі ў Глыбокім

Старыя газеты захавалі на сваіх старонках цікавыя звесткі пра падзеі рэлігійнага і грамадскага жыцця. Сёння мы зазірнём у іх, каб даведацца, што адбывалася ў Глыбокім 90 гадоў таму – восенню 1932-га.

У кастрычніку 1932 года была асвечаная пасля грунтоўнага рамонту капліца на могілках Копцеўка. Гэтая капліца мела перад тым ужо доўгую гісторыю. Святыню пабудавалі ў 1804 годзе айцы-кармеліты, у якіх былі ў Глыбокім кляштар і вялікі прыгожы касцёл, каторы цяпер з’яўляецца праваслаўным саборам. 11 мая 1805 года капліцу асвяціў біскуп мінскі Якуб Ігнацы Дэдэрка. Падобна, што будаўніцтва капліцы больш-менш супадае з заснаваннем могілак на Копцеўцы. На працягу некалькіх стагоддзяў існавала практыка хаваць памерлых каля касцёлаў ці цэркваў. Толькі ў апошнія дзесяцігоддзі XVIII стагоддзя, пры самым канцы існавання Рэчы Паспалітай, стала пашыранай традыцыя закладання могілак па-за межамі паселішчаў. Пагорак Копцеўка быў тады акурат па-за межамі Глыбокага.

Першапачаткова капліца на Копцеўцы мела тытул у гонар святога Ільі. Не дзіўна, што яна насіла менавіта такі тытул, бо кармеліты вядуць сваю гісторыю з гары Кармэль у Палесціне, дзе ў ІХ стагоддзі некаторы час жыў як пустэльнік святы прарок Ілья.

Капліца да рэстаўрацыі, 20-я гады ХХ стагоддзя. Фота: Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў.

Капліцу пабудавалі ў стылі класіцызму, бо эпоха барока, на якую прыпала ўзвядзенне кармеліцкага і парафіяльнага касцёлаў у Глыбокім, грэка-каталіцкай царквы ў Беразвеччы, касцёла ў Удзеле, ужо прайшла. На Глыбоччыне ў стылі класіцызму, што пераймаў традыцыі антычнай архітэктуры, быў збудаваны ў 1792 годзе касцёл у Мосары, а крыху пазней – касцёл у вёсцы Мамаі (цяпер царква).

Капліцу на Копцеўцы кармеліты называлі “sanktuarium pasyjne” – гэта значыць, святыняй, якая прысвечаная ўшанаванню пакутаў Хрыста. На сценах былі намаляваныя фрэскі з выявамі стацый Крыжовага шляху, а ў інтэр’еры капліцы была драўляная фігура Езуса ў цярновай кароне, каторая лічылася цудадзейнай. Цяпер гэтая фігура знаходзіцца ў капліцы касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім. Верагодна, падчас Вялікага Посту там мелі адбывацца жалобныя набажэнствы.

Пасля паразы паўстання 1863 года ўлады Расійскай Імперыі сталі забіраць святыні ў католікаў. Забралі і капліцу на Копцеўцы, у 1865 годзе пераасвяцілі яе ў царкву. У капліцы быў збудаваны драўляны іканастас. Два абразы, што знаходзіліся ў тым іканастасе, цяпер вісяць у саборы Нараджэння Маці Божай у Глыбокім паабапал уваходных дзвярэй. Яны маюць у сабе рысы беларускага барока і паходзяць, падобна, з нейкай зачыненай грэка-каталіцкай царквы або капліцы.

Інтэр’ер капліцы ў час, калі ёй валодалі праваслаўныя. Абразы, якія паабапал Царскіх варот, цяпер знаходзяцца ў праваслаўным саборы ў Глыбокім.

У 1921 годзе, калі Глыбокае трапіла ў склад Польскай Рэспублікі, новыя ўлады вярнулі капліцу на Копцеўцы каталікам. Каля дзесяці гадоў яна стаяла закінутай, а віленскія газеты публікавалі допісы глыбачанаў, каторыя шкадавалі, што капліца можа разбурыцца, а каштоўныя фрэскі могуць пацярпець ад вады, бо яна трапляе ў будынак. Нарэшце ў 1932 годзе дайшла чарга да рэстаўрацыі гэтай капліцы і яе ўрачыстага асвячэння.

Фрагменты фрэсак у капліцы на Копцеўцы, 20-я гады ХХ стагоддзя.

Фрагменты фрэсак у капліцы на Копцеўцы, 20-я гады ХХ стагоддзя.

Газета “Dziennik Wileński” ў нумары 268 за 26 кастрычніка 1932 года апублікавала матэрыял, падпісаны крыптонімам X. Y: “Павятовае мястэчка Глыбокае, якое ляжыць на ўсходніх рубяжах Рэспублікі, непадалёк ад савецкай мяжы, было ў днях ад 21 да 23 [кастрычніка – заўв. аўт.] сведкам многіх урачыстых хвілінаў. З ініцыятывы мясцовага пробашча кс. Антонія Зянкевіча адбыліся трохдзённыя рэкалекцыі-місіі для глыбоцкіх парафіян. Духоўныя практыкаванні праводзіў адмыслова прыбылы з Вільні кс. канонік Караль Любянец. Вернікаў было шмат, нягледзячы на тое, што ў гэтыя дні ішоў моцны дождж. Рэкалекцыі скончыліся ў нядзелю, 23 чысла. Непасрэдна пасля заканчэння рэкалекцый раніцай у нядзелю адбылася іншая – вельмі ўзнёслая ўрачыстасць. А 10-й гадзіне раніцы пры спрыяльным надвор’і вырушыла на могілкі ўрачыстая працэсія, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі ўладаў на чале са старастам Стэфанусам, палкоўнікам Шышка-Богушам, шматлікія грамадскія арганізацыі, як Таварыства польскай моладзі, скаўты, а таксама школы, гімназія і натоўпы вернікаў. На могілках адбылося асвячэнне капліцы, якое здзейсніў кс. канонік Караль Любянец. Выступіў ён таксама з прамовай, прадстаўляючы рэлігійны ўціск, які глыбоцкая зямля прайшла ў часах падзелаў. Трэба адзначыць, што войска дапамагло ўпарадкаваць могілкі і вельмі спрычынілася да рэстаўрацыі капліцы.

Гэтая ўрачыстасць прайшла вельмі прыгожа і, несумненна, надоўга застанецца ў памяці ўсіх, хто быў яе сведкам”. Цяпер капліца знаходзіцца ў такім жа стане, як і сто гадоў таму: пакінутая, недагледжаная. Можа, яшчэ прыйдзе час на яе новую рэстаўрацыю і ўрачыстае асвячэнне?

Ксёндз Караль Любянец

У тыя ж дні кастрычніка 1932 года з удзелам кс. каноніка Караля Любянца ў Глыбокім адбылася яшчэ адна ўрачыстасць, пра якую паведаміў “Dziennik Wileński” ў нумары 269 за 27 кастрычніка:“У дзень 22 бягучага месяца ў Глыбокім адбылася ўрачыстасць асвячэння гімназіі імя Люблінскай уніі, якая ўтрымліваецца таварыствам “Асвета”. Акт пасвячэння выканаў кс. пралат Караль Любянец з Вільні ў прысутнасці шматлікіх прадстаўнікоў глыбоцкага грамадзянства на чале са старастам Стэфанусам і кс. дэканам Зянкевічам. Пасля пасвячэння кс. пралат Любянец выступіў з узнёслай прамовай. Ён падкрэсліў заслугі як мясцовага глыбоцкага грамадзянства, так і глыбоцкіх старастаў: цяперашняга – Стэфануса – і мінулага – Ежы дэ Трамэкура. Падкрэсліў ён таксама заслугі прафесараў гімназіі, якія, не шкадуючы высілкаў і працы, імкнуліся да ўздыму рэлігійнага і культурнага жыцця ў Глыбокім”.

Пра гісторыю гімназіі імя Люблінскай уніі ў Глыбокім варта сказаць тое, што яна была заснаваная ў 1926 годзе мясцовымі грамадзянамі, якія хацелі, каб іх дзеці маглі атрымліваць сярэднюю адукацыю. У 1932 годзе пабудавалі прасторны глінабітны будынак гімназіі на месцы цяперашняй 1-й школы. У праграме гімназіі, як і ва ўсіх школах міжваеннай Польшчы, адным з прадметаў была рэлігія. У 30-я гады заняткі вёў катэхет кс. Казімір Мірыноўскі. Дзейнічала пры гімназіі і каталіцкае вучнёўскае таварыства – Марыянская Садаліцыя, да якой належаў 81 вучань. Дзве дружыны скаўтаў аб’ядноўвалі 52 вучняў. У 1930-1932 гг вучні гімназіі выдавалі часопіс “Ziemia Dziśnieńska”.

З пачаткам у 1939 годзе ІІ Сусветнай вайны для гімназістаў насталі цяжкія часы: напрыклад, толькі ў адным з класаў з 26 вучняў 12 сталі ахвярамі камуністычнага і нацысцкага рэжымаў, з іх сямёра страцілі жыццё. Дырэктара гімназіі Леона Ваякевіча 7 студзеня 1940 года арыштавалі камуністы, яму прысудзілі 10 гадоў лагераў. У жніўні 1941 г., пасля падпісання пакта Сікорскі-Майскі, ён быў вызвалены, аднак памёр на выгнанні ў лістападзе 1941 года.

Гімназія імя Люблінскай уніі. З правага боку – будынак ліцэя. Фота з паштоўкі канца 30-х гадоў ХХ ст.

Двухпавярховы будынак ліцэя, які ў 1937 годзе быў дабудаваны да гімназіі і захаваўся да нашага часу, летам 1942 года стаў месцам трагедыі. 27-29 чэрвеня 1942 года ў Глыбокім і ваколіцах паліцыя і гестапа правялі масавыя арышты польскай інтэлігенцыі і святароў. Паміж іншымі, былі арыштаваныя кс. Рамуальд Дроніч у Ваўкалаце, кс. Баляслаў Мацяеўскі ў Паставах, кс. Адам Масюляніс у Лужках, кс. Антоні Скурко ў Варапаеве, кс. Уладыслаў Вячорак у Параф’янаве. Вязняў трымалі некалькі дзён у будынку былога ліцэя, а 4 ліпеня перавезлі на грузавых аўтамабілях у трагічна вядомы лес Барок і расстралялі. У памяць пра забітых у Барку стаіць крыж з абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Было б добра, каб хтосьці – можа, дзяржаўныя ўлады, якія адзначаюць Год гістарычнай памяці, – паставілі мемарыяльную шыльду і на тым месцы, дзе былі зняволеныя заслужаныя для грамадства людзі.

Загінуў ад рук нацыстаў і кс. Караль Любянец, які асвячаў капліцу і гімназію ў Глыбокім. Падчас Другой сусветнай вайны ён быў пробашчам у вёсцы Плябань, што каля чыгункі Маладзечна – Мінск. Немцы арыштавалі яго і завезлі ў турму ў Вілейцы. Расстралялі, па адных звестках – 22 ліпеня, а па іншых – 28 верасня 1942 года. Месца яго пахавання невядомае.

Катэхет гімназіі кс. Казімір Мірыноўскі перажыў вайну, пасля выехаў у Польшчу і быў канцлерам дыяцэзіяльнай курыі ў Гданьску. У 1947 годзе выдаў кнігу пра гісторыю катэдральнага касцёла ў гданьскім прадмесці Аліва. Памёр у 1977 годзе.

Кастусь Шыталь

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі