Паўметровую фігуру Хрыста знайшлі ў бервяне зруба ў Валкалаце

Як паведамляе dokshitsy.by, напярэдадні дня св. Мікалая жыхар аграгарадка Валкалаты (Докшыцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія) Павел Кімстач знайшоў у бервяне зруба паўметровую драўляную статуэтку Езуса Хрыста.

Фігура выдатна захавалася і не мае ніякіх пашкоджанняў, хаця драўніна вакол яе схованкі была паедзена шашалем. Яшчэ адна адметнасць: бензапіла, з якой працаваў Павел, заглухла якраз тады, калі яе палатно павінна было разрэзаць фігурку ў дрэве на дзве часткі.

Алена Несцяронак распавядае гісторыю знаходкі: «Гады два таму ў суседняй вёсцы Віржы праводзілася добраўпарадкаванне некалькіх закінутых сядзіб. Ахвотным сельвыканкам прапанаваў разабраць трухлявыя пабудовы і выкарыстаць у сваіх мэтах. Тады Павел і перавёз бярвенне старога хлява на свой падворак: з часам меў намер парэзаць яго на дровы. За гэту справу і ўзяўся нядаўна з бензапілой, і ў адзін момант яна раптоўна заглухла. Праверыў наяўнасць бензіну – дастаткова, свечы – усё нармальна. Завёў пілу зноў, павярнуў бервяно, каб было зручней, – і раптам з сярэдзіны дрэва выкацілася на снег ярка расфарбаваная драўляная статуэтка – выява Езуса Хрыста – на драўлянай жа падстаўцы».

Выемка ў дрэве для размяшчэння статуэткі, зразумела, была зроблена спецыяльна. Старажылы сцвярджаюць, што раней у вёсцы было шмат пажараў, і таму, узводзячы дамы і гаспадарчыя пабудовы, людзі закладвалі ў падмуркі, сцены або дахі своеасаблівыя абярэгі ад агню.

Цяпер маленькая святыня заняла пачэснае месца ў новым доме і, вераць гаспадары, гэтак жа будзе аберагаць ад злога і іх жытло.

для друку для друку