“Быць нунцыем – значыць ніколі не вяртацца на радзіму, а ўсё жыццё служыць Касцёлу за мяжой: тры-чатыры гады ў адной краіне, пяць-шэсць – у другой. Гэта няпростае пакліканне”, — адзначыў арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.
Апостальскі нунцый у Кіеве прыняў удзел у праграме Дзесяць пытанняў на тэлеканале Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Живе телебачення, дзе адказаў на вострыя пытанні, а таксама падзяліўся досведам служэння ва Украіне ва ўмовах вайны.
Як патлумачыў іерарх, пакуль ён вучыўся ў Папскім універсітэце Святога Крыжа ў Рыме, то нічога не ведаў пра дыпламатычную службу Апостальскай Сталіцы. “Але мяне паклікалі на гэтую місію. Я маліўся і раздумваў над рашэннем некалькі дзён, бо прыняць яго было нялёгка, – адзначыў арцыбіскуп Кульбокас. – Гэта няпростае пакліканне”.
Божым дарам нунцый лічыць магчымасць “быць з людзьмі, асабліва ў такі цяжкі ваенны час; чуць іх боль і раздзяляць цярпенні”.
Арцыбіскуп распавёў пра стойкасць украінцаў і супрацоўніцтва Цэркваў ва Украіне. “Вайна фарміруе нас і чыніць здольнымі адказваць на яе. Я думаю, што ўсе Цэрквы ва Украіне могуць супрацоўнічаць яшчэ больш цесна, чым цяпер, – падкрэсліў папскі дыпламат. – Не трэба чакаць рашэнняў зверху – кожны з нас можа распачаць супрацоўніцтва ўжо сёння”. Прыкладам гэтаму, па яго словах, можа быць узор супрацоўніцтва паміж святарамі розных веравызнанняў, якія ў стане супольна карыстацца адной прыфрантавой святыняй. “Я бачу ў гэтым глыбокае разуменне рэчаіснасці. У нас адзін Касцёл для ўсіх, і мы дзелімся ім, бо мы – браты. Я перакананы, што з такім адзінствам нас ніхто не пераможа”.
Кажучы на тэму, як маладым людзям знайсці Бога, арцыбіскуп Кульбокас падзяліўся ўласным духоўным досведам. “Знайсці Бога – гэта сапраўды складаная справа. Памятаю, што на гэтым шляху мне дапамаглі не прапаведнікі, якіх я слухаў у касцёлах, а перш за ўсё мой асабісты досвед сустрэчы з Ім, – падкрэсліў папскі дыпламат. – У Касцёле я навучыўся маліцца фармальна, але пазней сапраўдную малітву адкрылі мне канкрэтныя людзі, якія дапамаглі мне распазнаць маё пакліканне да святарства”.
Ян Глінскі, беларуская рэдакцыя Vatican News
