55-мільённая М’янма, заціснутыя паміж Кітаем і Індыяй, ужо чацвёрты год жыве ў сітуацыі грамадзянскай вайны, ахвярамі якой сталі дзясяткі тысяч асобаў. Касцельныя ўлады заклікаюць свет не забывацца пра гэта.
Што за канфлікт
М’янма, раней вядомая як Бірма, атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі ў 1947 годзе. Але стаць паспяховай краінай яна так і не здолела. Апроч разнастайных палітычна-эканамічных крызісаў сітуацыя ўскладняецца шматлікімі этнічнымі і рэлігійнымі канфліктамі. Тытульная нацыя, бірманцы, складае 68% насельніцтва, яны вызнаюць пераважна будызм і пражываюць у асноўным на раўнінах у цэнтральнай частцы краіны. Рэшта – разнастайныя малыя народы, якія галоўным чынам жывуць на ўскраінах дзяржавы. Большасць малых народаў краіны – шаны, моны, араканцы, карэны, пао, палаўнг – таксама будысты, аднак многія качыны, кая і чыны перайшлі ў хрысціянства, а рахінджа вызнаюць іслам.
У 1962 годзе ў М’янме адбыўся першы пераварот, у выніку якога ўладу захапіла вайсковая хунта, што абвясціла бірманскі шлях да сацыялізму. У 1988 годзе ў краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія былі жорстка задушаныя, а на гэтым фоне ўладу захапіла новая вайсковая хунта. Лідарка апазіцыі Аун Сан Су Чжы, за якую сярод іншых заступаўся Папа Ян Павел ІІ, была змешчаная пад хатні арышт. У 1991 годзе яе завочна ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй міру.
У 2010 годзе ў краіне пачалася лібералізацыя, а праз год на волю выйшла і Аун Сан Су Чжы. Адбыліся вольныя выбары, на якіх значную колькасць галасоў атрымалі апазіцыйныя сілы. У 2016 годзе дэмакратычныя сілы перамаглі на выбарах і абралі нават свайго прэзідэнта. У 2017 годзе дэмакратычную М’янму з афіцыйным візітам наведаў Папа Францішак. «М’янма бласлаўлёная вялікай прыроднай прыгажосцю і рэсурсамі, але яе найвялікшым скарбам з’яўляюцца яе людзі», – заявіў тады ён, дадаўшы, што грамадзянскі канфлікт і ваенныя дзеянні ў краіне «працягваліся занадта доўга і стварылі глыбокія рознагалоссі».
Але сітуацыя толькі пагаршалася. У 2016-2017 гадах улады краіны абвінавацілі мусульманскіх паўстанцаў з народнасці рахінджа ў нападах на памежнікаў і забойствах будыстаў і індуістаў і пачалі вайсковую аперацыю, якая, паводле праваабаронцаў, мела прыкметы генацыду. Ахвярамі сталі да 43 тысяч чалавек, яшчэ дзясяткі тысяч мусілі ўцякаць у суседнія краіны.
А 1 лютага 2021 года ўладу ў М’янме захапіла чарговая вайсковая хунта, зрынуўшы і затрымаўшы прэзідэнта Віна М’іна і Аун Сан Су Чжы. У краіне пачаліся масавыя пратэсты супраць перавароту, якія пачалі жорстка падаўляць вайскоўцы. Колькасць забітых ацэньваецца ў 4507 чалавек, больш за 26 000 былі затрыманыя. Паведамлялася пра шматлікія выпадкі катаванняў. 162 з затрыманых былі асуджаныя да смерці.
16 красавіка 2021 года апазіцыйныя дэпутаты ўтварылі ўрад нацыянальнага адзінства, які неўзабаве абвясціў стварэнне Народных сілаў абароны. А ў верасні даў пачатак «абарончай вайне» і нацыянальнай рэвалюцыі. У саюз з ім увайшлі розныя этнічныя вайсковыя фармаванні нацыянальных меншасцей М’янмы, тады як некаторыя іншыя, як тыя ж рахінджа, падтрымалі вайскоўцаў. У верасні 2022 года паўстанцы разам кантралявалі больш за палову тэрыторыі краіны. Для барацьбы з імі ўжываліся артылерыя і авіяцыя, ахвярамі чаго становяцца і мірныя людзі. Асаблівасцю вайны з’яўляюцца і этна-рэлігійныя сутыкненні.
У канцы восені 2023 года паўстанцы пачалі вялікі наступ, падчас якога здолелі ўзяць пад кантроль шэраг населеных пунктаў і захапіць вялікую колькасць палонных. Станам на жнівень 2024 года пад кантролем паўстанцаў знаходзіліся 74 гарады. Але вайскоўцы дагэтуль утрымліваюць значную частку тэрыторыі краіны разам са сталіцай. Знаходзіцца за кратамі і дэмакратычная лідарка Аун Сан Су Чжы. У 2022 годзе яе асудзілі на 33 гады зняволення, якія пазней скарацілі да 27. Агульная колькасць ахвяраў канфлікту з 1 лютага 2021 года ацэньваецца ў больш як 58 тысяч чалавек. Колькасць унутрана перамешчаных асобаў сягае трох мільёнаў, больш як 110 тысяч збегла ў суседнія краіны. І пакуль заканчэнне канфлікту не бачнае.
Ватыкан заклікае да развязання канфлікту
Да сітуацыі ў М’янме 28 верасня падчас 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН звярнуўся Дзяржсакратар Ватыкана кардынал П’етра Паралін. З заклікам да свету не забывацца пра М’янму звярталася ў лютым і каталіцкая арганізацыя «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» (ACN). «З такой колькасцю гучных канфліктаў у свеце сёння лёгка забыцца пра М’янму. Вельмі важна, каб мы не дазволілі гэтаму здарыцца. Мы заклікаем міжнародную супольнасць актывізаваць намаганні па аднаўленні міру і справядлівасці ў краіне. Усе ўдзельнікі канфлікту павінны паспрабаваць паставіць любоў да міру і бліжняга вышэй за асабістыя амбіцыі і выгоды», – заявіла Рэджына Лінч, выканаўчы прэзідэнт арганізацыі.
У арганізацыі заяўляюць, што канфлікт у М’янме значна абвастрыўся за апошні год, і баявыя дзеянні закранулі амаль усю краіну. Вайна прыносіць пакуты ўсім пластам грамадства і ўяўляе асаблівую небяспеку для ўразлівых меншасцяў, у тым ліку хрысціян. Паводле ACN, вайна забіла і вымусіла пакінуць свае дамы мноства людзей, уключаючы інвалідаў, пажылых і жанчын з дзецьмі, а краіна рызыкуе стаць дзяржавай-банкрутам. «У гэтым кантэксце нас натхняе, як лідары Касцёла, у тым ліку святары, манахі і катэхеты, працягваюць падтрымліваць свой народ, прыносячы суцяшэнне і Божую ласку ў самыя аддаленыя раёны», – дадала яна.
Сёлета і сам Папа неаднаразова заклікаў узмацніць малітву за мір у М’янме і не забываць пра гэтую «пакутніцкую» краіну. «Няхай Хрыстус даруе суцяшэнне народу рахінджа, які пакутуе ад сур’ёзнага гуманітарнага крызісу, і адкрые шлях да прымірэння ў М’янме, каторую вось ужо шмат гадоў раздзіраюць унутраныя канфлікты, каб можна было канчаткова адмовіцца ад логікі гвалту», – заклікаў ён у сваім пасланні Urbi et Orbi пасля святочнай велікоднай Імшы 31 сакавіка.
Падчас свайго апостальскага падарожжа ў верасні 2024 года ў краіны Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёну Папа Францішак правёў тры асобныя закрытыя сустрэчы з езуітамі ў Інданезіі, Усходнім Тыморы і Сінгапуры, дзе, як паведамляе La Civiltà Cattolica, выказаў сваю занепакоенасць сітуацыяй у М’янме і заклікаў да дзеянняў. «У М’янме сёння нельга маўчаць: трэба нешта рабіць!» – падкрэсліў ён. Папа прызнаўся, што асабіста клапоціцца пра лёс рахінджа і нават асабіста абмяркоўваў гэта раней з Аун Сан Су Чжы. «Я прасіў вызваліць спадарыню Аун Сан Су Чжы і нават прыняў яе сына ў Рыме. Я прапанаваў Ватыкан як прытулак для яе. У гэты момант яна з’яўляецца сімвалам. А палітычныя сімвалы трэба абараняць», – падкрэсліў Пантыфік.
Ён дадаў, што будучыня краіны павінна грунтавацца на павазе да годнасці і правоў усіх грамадзян, а таксама на дэмакратычным парадку.
Мечыслаў Гапановіч
для друку