У папярэдніх выпусках нашай моўнай старонкі мы гаварылі пра паронімы – словы, блізкія паводле напісання і гучання, але розныя паводле значэння, і сінонімы – словы, розныя паводле напісання і гучання, але блізкія паводле значэння.
Нашыя чытачы зацікавіліся гэтым матэрыялам, аўтар атрымаў колькі пытанняў і прапаноў. І сёння, ідучы насустрач адной з такіх прапаноў, – ад спадарыні Наталлі С. з Мінска, – мы сцісла разгледзім яшчэ адну групу лексічных адзінак – аднолькавых паводле напісання і гучання, але розных паводле значэння. Такія словы ў лінгвістыцы называюцца амонімамі – (ад грэцкага homos – аднолькавы і onyma – імя). Цікава, што гэты тэрмін быў уведзены ва ўжытак яшчэ знакамітым грэцкім філосафам, навукоўцам Арыстоцелем. Гэта значыць, што амонімы існуюць у кожнай мове, з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнага слоўніка.
Сапраўды, і ў сучаснай беларускай мове ёсць шмат слоў, якія і пішуцца, і вымаўляюцца аднолькава, але маюць рознае значэнне. Надзвычай дакладна і адначасова вобразна з’яву аманіміі ілюструюць, на наш погляд, наступныя радкі Кандрата Крапівы: Я касой траву кашу ў зялёным лузе, / А другую я нашу пастаянна ў пузе. / Трэцюю, я вам скажу, носіць мая дочка, / На чацвёртай я ляжу – грэюся ў пясочку. Тут лёгка адгадваецца аманімічная група з чатырох “кос” са значэннямі адпаведна “прылада для кашэння”, “селязёнка”, “доўгія заплеценыя валасы”, “доўгая вузкая мель, якая ідзе ад берага”.
Амонімы могуць узнікаць рознымі шляхамі. Так, некаторыя аманімічныя пары ўтварыліся ў выніку гукавога супадзення этымалагічна розных беларускіх (уласнабеларускіх або агульнаславянскіх) слоў. Напрыклад: абора – вяровачка для лапцей і абора – вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік; ласка – выказванне пяшчоты і ласка – невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых; слаць – адпраўляць, пасылаць і слаць – рассцілаць, засцілаць ложак і інш.
Яшчэ адна група амонімаў утварылася ў выніку выпадковага супадзення спрадвечна беларускіх і пазычаных слоў. Напрыклад: бел. байка – кароткі літаратурны твор і галанд. байка – мяккая баваўняная тканіна; бел. бор – стары сасновы лес, лац. бор – хімічны элемент, ням. бор – свердзел для лячэння зубоў; бел. лава – прадмет мэблі, італ. лава – вулканічная маса, пол. лава – баявы парадак конніцы і інш.
Таксама амонімы могуць утварацца ў выніку выпадковага супадзення пазычаных слоў з розных моў. Напрыклад: грэц. грыф – драпежная птушка, ням. грыф – дэталь струннага музычнага інструмента, франц. грыф – штэмпельны адбітак чыйго-небудзь подпісу і інш.
Часам амонімы, што ўжываюцца сёння ў нашай мове, наўпрост паходзяць з нейкай іншай канкрэтнай мовы. Напрыклад: фр. міна – выбуховы снарад і спецыфічны выраз твару; англ. танк – баявая бронемашына на гусенічным хаду і спецыяльны бак для захоўвання і транспарціроўкі розных вадкасцяў і інш.
Ад лексічных амонімаў (прыклады якіх прыведзеныя вышэй) неабходна адрозніваць іншыя групы слоў, што карэлююць з амонімамі – амафоны, амаформы і амографы. Амафоны – словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму. Напрыклад: род і рот, код і кот, грыб і грып, казка і каска і інш. Да амафонаў належаць і такія апазіцыі слоў, як, скажам, вера – надзея на што-небудзь і Вера – уласнае імя, раман – жанр літаратурнага твора і Раман – уласнае імя і інш.
Амаформы – гэта словы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем у адной ці некалькіх граматычных формах. Такое супадзенне можа адбывацца ў межах як адной, так і розных часцін мовы: соты – васковыя ячэйкі і соты – парадкавы лічэбнік; румяны – касметычная фарба і румяны – ярка-чырвоны, ружовы; люты – злы, крыважэрны і люты – другі месяц каляндарнага года і інш.
Амографы – гэта словы, якія аднолькава пішуцца, але ў вымаўленні адрозніваюцца пастаноўкай націску. Напрыклад: а́тлас – зборнік геаграфічных ці гістарычных мапаў і атла́с – тканіна з гладкім, бліскучым правым бокам; ка́паць – падаць каплямі і капа́ць – пераварочваючы і разбіваючы верхні пласт глебы, рыхліць зямлю, ускопваць; ка́ра – суровае пакаранне, спагнанне за правіннасць і кара́ – паверхневая частка ствала, галін і кораня дрэвавых раслін; па́ра – два аднолькавыя прадметы; па́ра – газ, які ўтвараецца пры выпарэнні вады і пара́ – час, перыяд і інш. Надзвычай яскравыя прыклады амографаў мы знаходзім у “Каламбурах” Ніла Гілевіча: Барсукі ў глыб нары, / Баючыся ка́ры, / Нацягалі шмат кары / І зрабілі на́ры. Або яшчэ: Што ні хвіля, ні гадзіна – / Лезе з скуры га́дзіна. / Увесь век яму гадзі́ла, / А ён кажа: га́дзіла!
Амонімы трэба адрозніваць ад мнагазначных слоў. Калі мнагазначнае слова, нягледзячы на рознасць сваіх значэнняў, захоўвае іх адзінства, то амонімы такой сэнсавай сувязі не маюць, значэнні іх зусім розныя. У тлумачальных слоўніках кожны амонім падаецца асобным слоўнікавым артыкулам і пазначаецца арабскай лічбай: напрыклад, каса1, каса2, каса3… і г.д., а ўсе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным артыкуле.
Амонімы складаюць, несумненна, значны пласт сучаснай беларускай лексікі. Так, у выдадзеным у 1991 годзе “Слоўніку амонімаў беларускай мовы” Васіля Старычонка налічваецца каля дзвюх тысяч слоўнікавых артыкулаў. Гэта сапраўднае багацце нашай мовы, якое патрабуе ўважлівага вывучэння і адпаведнага стаўлення пры выбары лексічнай адзінкі ў канкрэтных умовах ужывання.
Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял паспрыяе лепшаму разуменню з’явы аманіміі, дапаможа ў правільным выбары і выкарыстанні ў маўленні аднолькавых паводле гучання і напісання, але розных паводле значэння слоў.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
