Натхнёныя Марыяй. Пра жанчын, якія прысвячаюць сваю творчасць Багародзіцы

Маці Божая ва ўсе часы была ўзорам і прыкладам для кожнай жанчыны. Яе далікатнасць, лагода і пяшчота ўражвалі, прымушалі змяняцца, рабіць крокі да дасканаласці. Вобраз Маці Божай натхняў мастакоў, паэтаў, скульптараў і музыкаў на стварэнне сапраўдных шэдэўраў, якія і зараз займаюць асаблівае месца ў сусветнай культуры. І сёння Марыя натхняе творчых людзей на новае і прыгожае. Асаблівым чынам Багародзіца запальвае жаночыя сэрцы. Праз творчасць жанчыны набліжаюцца да галоўнага эталона любові, чысціні і прыгажосці.

Да Марыі – праз выяўленчае мастацтва

З творчасцю мастачкі Ядзвігі Сянько знаёмы кожны католік-практык. Некалькі гадоў таму копіі абразоў Маці Божай з самых вядомых санктуарыяў вандравалі па ўсёй краіне. Аўтарам шаснаццаці выяваў стала мастачка-афармляльніца з Маладзечна Ядзвіга Сянько. Вобраз Нябеснай Мамы з’яўляецца адным з цэнтральных і скразных у яе творчасці. Маці Божая Вастрабрамская, Няспыннай Дапамогі, Будслаўская, Добрай Рады, Вішнеўская, Тракельская… Пералік можна весці бясконца. Кожны марыйны абраз асаблівы, унікальны, надзелены вытанчанасцю і прыгажосцю. І сёння мастачка прыгадвае сваю першую буйную працу – абраз “Сэрца Марыі”. Напісала яго Ядзвіга ў дваццаць гадоў. Тата адразу ж зрабіў для працы масіўную раму. Пасля абраз перадалі ў касцёл вёскі Краснае Маладзечанскага раёна, дзе ён знаходзіцца і цяпер.

Ва ўсе часы галоўным атрыбутам Багародзіцы быў ружанец. У шматлікіх аб’яўленнях Нябесная Мама звярталася да людзей з просьбай маліцца на ружанцы, які з’яўляецца своеасаблівай лесвіцай да неба. Маці Божай Ружанцовай Ядзвіга прысвяціла цэлы шэраг прац. Мастачка не раз звярталася да класічнага іканаграфічнага сюжэта, дзе Багародзіца выяўляецца разам з маленькім Хрыстом, Які трымае ў руках ружанец. Адзін з абразоў Маці Божай Ружанцовай знаходзіцца ў касцёле святога Міхаіла Арханёла ў Міхалішках, яшчэ адзін – у храме святога Роха.

За 27 гадоў працы здаралася сутыкацца з разнастайнымі сітуацыямі. Не раз мастачцы даводзілася быць сведкай сапраўдных цудаў. Адна жанчына некалькі гадоў таму замовіла абраз Маці Божай Ружанцовай з Пампеяў. Заказчыца планавала падарыць яго на вяселле свайму сыну. Пазней яна расказала незвычайную перадгісторыю. Жанчына марыла, каб сын знайшоў спадарожніцу жыцця. Аднак ён не спяшаўся жаніцца. Ад матуліных просьбаў знайсці добрую жонку заўсёды адмахваўся. Тады занепакоеная мама пачала маліцца на ружанцы. Яна ведала, што з дапамогай Пампейскай навэнны можна выпрасіць любыя ласкі. Па заканчэнні навэнны сітуацыя вырашылася: праз некаторы час сын знайшоў жыццёвую спадарожніцу. На вяселле шчаслівая мама вырашыла падарыць пары абраз Маці Божай з Пампеяў, каб і далей Нябесная Матуля атуляла сужэнцаў клопатам і апекай. Слухаючы такія сведчанні, Ядзвіга Сянько яшчэ больш упэўніваецца ў бясконцай любові Багародзіцы да кожнага чалавека.

Хвала Марыі праз ружанец

Сёння ў Святланы Радцэвіч асабліва цёплыя адносіны з Багародзіцай. Але так было не заўсёды. Святлана была ахрышчаная ў праваслаўі, у дзіцячым узросце веру амаль не практыкавала. Пра Багародзіцу, ружанец і касцёл дзяўчынка чула толькі ад сваёй бабулі-каталічкі. У юнацкім узросце Святлана перажыла глыбокае навяртанне, у сямнаццаць гадоў прыступіла да Першай Камуніі.

Бацькі скептычна паставіліся да гэтай падзеі. Яны бачылі, што дачка змяняецца на вачах, шмат часу прысвячае малітве. Па вечарах штодзённа яе можна было заўважыць з ружанцам у руках. Багародзіцы дзяўчына адкрывала самыя глыбокія таямніцы свайго сэрца, пра якія не магла распавесці бацькам. Крыху пазней Святлане давялося пазнаёміцца з трактатам св. Людвіка дэ Манфора “Аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі”. З гэтага часу адносіны з Багародзіцай сталі больш глыбокімі і давяральнымі.

Яшчэ адзін выпадак глыбока паўплываў на Святлану. Аднойчы на спатканні моладзі дыякан Марк Найдзіч даваў майстар-класы па пляценні ружанцаў са шнура. Дзяўчыну ўразіла незвычайная тэхналогія. Яна ўзяла кавалачак шнура і паспрабавала зрабіць штосьці падобнае. І, на дзіва, у яе ўсё атрымалася. З таго часу прайшло некалькі гадоў. Дзяўчына ў думках часта вярталася да таго выпадку. Ёй хацелася зрабіць яшчэ адзін ружанец, пазнаёміцца з іншымі спосабамі іх стварэння. Яна стала чытаць пра гэта ў розных крыніцах. І справа пайшла даволі хутка. У снежні 2023 года Святлана стварыла невялікую ўласную мастэрню “Totus Tuus” (з лац. “цалкам твой”) па вырабе ружанцаў. Сёння яе вырабы захапляюць і здзіўляюць: ружанцы са штучных і натуральных матэрыялаў, плеценыя, ружанцы-бранзалеты. Кожны – унікальны і асаблівы, бо захоўвае часцінку душы аўтара. Працэс стварэння ружанцаў Святлана называе няспыннай малітвай праслаўлення Нябеснай Мамы, Якая агарнула дзяўчыну бясконцай любоўю і апекай.

Марта Венславовіч

для друку для друку