“Нас да Сябе Ты прыгарні”. Прадстаўнікі касцельных рухаў і супольнасцяў сустрэліся ў Будславе

“Заходзьце, Маці чакае” — вядомы ўсім заклік, з якім звяртаецца да пілігрымаў кусташ Санктуарыя Маці Божай Будслаўскай ксёндз Дзмітрый Дубовік.

На гэты заклік Нябеснай Матулі збіраліся пілігрымы ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 6 мая. Тут, у межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-цігадовага юбілею каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай  абдылося спатканне прадстаўнікоў касцёльных рухаў.

Перад уваходам у храм, прысутныя маглі ўбачыць вялікі плакат-банер, на якім былі адлюстраваныя рухі і супольнасці, што дзейнічаюсь ва ўсёй Беларусі. Іх задачы і накірункі розныя, але мэта адна – пашырэнне Божага Валадарства.

“Усе мы ідзём рознымі сцяжынкамі, але ў адным накірунку — да Неба” – такім быў дэвіз спаткання. І гэтае адзінства сапраўды адчувалася. Найперш у тым, што розныя рухі і супольнасці адказвалі за правядзенне сустрэчы, якая стала сапраўдным святам.

Малітоўная праграма распачалася з Фацімскага ружанца, які праводзіў Легіён Марыі. Падчас набажэнства шматлікія пілігрымы прыступілі да сакраманту споведзі, каб паяднаўшыся з Міласэрным Айцом, прыняць Камунію падчас святой Імшы.

Апоўдні распачалася Імша, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Напачатку іерарх прывітаў прысутных святароў, апостальскага адміністратара для грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі Сяргея Гаека, законных сясцёр і ўсіх пілігрымаў. Біскуп зазначыў, што сёння Маці Божая таксама вітае кожнага з нас, заглядае ў нашыя вочы, прытуляе да матчынага сэрца.

“Сёння мы збіраемся разам у Імя Божае. А як сказаў Хрыстос: “Дзе двое, або трое збіраюцца ў Імя Маё, там я сярод Іх.”. Сёння Езус сустракае ўсіх нас і хоча адарыць шматлікімі ласкамі, а Марыя вядзе за руку, як маленькае дзіцятка, па нашым жыцці”, – прамовіў іерарх.

Падчас гаміліі біскуп Юры разважаў над месцам розных рэлігійных рухаў у жыцці Касцёла. Ён засяродзіўся над дагматычнай Канстытуцыяй пра Касцёл “Святло народаў”. А асабліва над сказам: “І спадабалася Богу збаўляць не кожнага чалавека паасобку, а зрабіць з роду людскога народ Божы, каб весці яго да брамаў Валадарства Нябеснага”.

Касцёл – гэта жывы арганізм, які складаецца з розных частак. І кожная з гэтых частак важная. Кожны рух і супольнасць – гэта форма паклікання. Быць у руху ці супольнасці  – не выпадковы выбар, а пакліканне, натхнёнае Духам Святым.

Гэтае пакліканне дапамагае паглыбляць веру, самаўдасканальвацца, але і дае духоўны плён для іншых людзей, бо кожны з нас – сведка Езуса Хрыста.

Напрыканцы Імшы адбылося бласлаўленне мемарыяльнай дошкі ў памяць пра шматгадовага кусташа санктуарыя айца Віктара Бурлаку OFM.

Наступным пунктам малітоўнага спаткання была канферэнцыя ксяндза Андрэя Лысага SChr, у якой святар зазначыў, што шляхам узрастання да святасці павінна быць дарога ад рэлігійнай групы да сапраўднай хрысціянскай супольнасці.

Немагчыма затрымацца толькі на стварэнны рэлігійнай групы, бо яна не вядзе да збаўлення, калі ў цэнтры не стаіць асоба Езуса Хрыста.

Сапраўдная хрысціянская супольнасць —  гэта дарога да паўнаты чалавечнасці праз наследванне Езуса і будаванне супольнасці паўсюднага Касцёла.

Пасля канфэрэнцыі ўдзельнікі руху факаляраў правялі адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту.

У гадзіну Божай Міласэрнасці прысутныя памаліліся Вяночак разам з прадстаўнікамі шанштацкага руху.

Пакуль дарослыя пілігрымы маліліся ў храме, дзеці, пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў рухаў ЭНД і “Сужэнскія сустрэчы”, удзельнічалі ў квэсце “Сэрца Марыі”. Маленькія пілігрымы выконвалі заданні і шукалі ключы ад куфару са скарбам – медалікамі з выявай Маці Божай Беззаганнай. Гэтыя медалікі напрыканцы сустрэчы асвяціў біскуп Юры Касабуцкі.

Трэба адзначыць, што сустрэча пілігрымаў з Маці Божай Будслаўскай была вельмі цёплай, малітоўнай і натхнёнай. Гэта адбылося дзякуючы намаганням арганізатараў і прадстаўнікоў рухаў і супольнасцяў. Так, дабрачынная арганізацыя “Карытас” дапамагла стварыць для дзяцей сапраўдную пляцоўку з рознымі гульнямі і забавамі, хор з Маладзечанскай парафіі святога Казіміра ўпрыгожыў Літургію сваімі спевамі, рух Святло-Жыццё арганізаваў працэсію з дарамі і малітву вернікаў.

Напрыканцы ўсе прысутныя заспявалі разам вядомую песню да Маці Божай Будслаўскай і, атрымаўшы бласлаўленне, накіраваліся дадому, каб там несці святло Хрыста сваім родным і блізкім.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі