«Напоўніць нас любоўю можа толькі Бог». У Вільні адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат з Полацка

Урачыстасць Маці Міласэрнасці, што адзначалася Касцёлам 16 лістапада, дзяўчаты з полацкай парафіі Андрэя Баболі адсвяткавалі ў Вільні, горадзе міласэрнасці. Сястра Таццяна Гмыза SJE арганізавала рэкалекцыі для дзяўчат. У іх удзельнічалі верніцы з Полацка і Вільні.

Месцам правядзення рэкалекцый стаў кляштар сясцёр Эўхарыстах і касцёл Святога Духа ў раёне Грэгарава.

На працягу трох дзён, з 15 па 17 лістапада, у беларускіх і літоўскіх дзяўчат была магчымасць паразважаць пра Божую міласэрнасць, падзяліцца праяўленнем Божай любові ў жыцці, абмеркаваць, чым ёсць міласэрнасць у штодзённасці і што нам замінае і дапамагае рабіць учынкі міласэрнасці. Таксама верніцы з Беларусі і Літвы разам удзельнічалі ў святых Імшах на літоўскай і польскай мовах, маліліся на адарацыі і шпацыравалі па Вільні.

«Напоўніць нас любоўю можа толькі Бог»

Распачаліся рэкалекцыі з канферэнцыі пра Божую міласэрнасць, якую праводзіла cястра Таццяна Гмыза SJE. Яна прыгадала евангельскія прытчы пра блуднага сына (Лк.15: 11-32) і міласцівага самараніна (Лк. 10: 30-37) і прапанавала паразважаць, што замінае людзям быць міласэрнымі да свайго бліжняга. Страх, нежаданне выдзяляцца сярод іншых і браць на сябе адказнасць, абыякавасць ці недахоп любові?..

Міласэрнасць немагчымая без любові. «Кожны з нас — своеасаблівы сасуд, які з дзяцінства напаўняецца любоўю, — адзначыла c. Таццяна. — Хтосьці напоўнены напалову, хтосьці амаль даверху, а ў кагосьці толькі на дне плёскаецца крыху любові…

Калі ў нас не стае любові, мы спрабуем яе знайсці, каб напоўніць наш сасуд. Шукаем добрых слоў, адабрэння, стараемся падабацца іншым, просім, каб нас хвалілі і любілі. Імкнемся заслужыць тое, што заслужыць немагчыма.

Напоўніць наш сасуд даверху любоўю можа толькі Бог. Прасіце Яго аб гэтым — Ён настолькі добры і міласэрны, што зможа дадаць тое, чаго нам так не хапае.

Калі мы будзем самі напоўненыя любоўю, зможам дзяліцца ёй з іншымі, рабіць учынкі міласэрнасці».

Пасля канферэнцыі нас чакала работа ў групах. Удзельніцы рэкалекцый разам з с. Вікторыяй Бутрымовіч SJE і с. Люцыяй Краткоўскай SJE узгадвалі дзеянне міласэрнага Бога ў жыцці, дзяліліся жыццёвымі сітуацыямі, у якіх праяўлялася Божая міласэрнасць, разам шукалі адказ на пытанне як перастаць баяцца быць міласэрнымі ў штодзённасці.

Завяршыўся першы дзень рэкалекцый вясёлым вечарам — падчас гульняў дзяўчаты маглі лепш пазнаёміцца адна з адной.

«Калі мы хочам быць падобнымі да Бога, павінны часцей быць міласэрнымі, а не справядлівымі»

16 лістапада, урачыстасць Маці Міласэрнасці, распачалася святой Імшой у касцёле Святого Духа ў Грэгарава. Цэлебраваў Імшу ксёндз Францішак Юсель.

У гаміліі ён задаў прысутным пытанне: што для вас больш істотнае — міласэрнасць ці справядлівасць? Чаго вы прагнеце для сябе ад іншых і ад Бога?..

«Канечне, хочам для сябе міласэрнасці! А ці самі мы выбіраем яе, калі з намі паступаюць несправядліва? Часта больш важным здаецца менавіта справядлівасць: ты мне — я табе.

Але калі мы хочам быць падобнымі да Бога, павінны часцей кіравацца міласэрнасцю, а не справядлівасцю, бо менавіта гэтага чакаем ад Бога — літасці да нас», — адзначыў кс. Францішак.

Пасля святой Імшы адбылася адарацыя з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнта. Дзяўчаты звярнулі позірк душы на Езуса Міласэрнага, абраз якога знаходзіцца ў касцёле Святого Духа, і прасілі аб ласцы міласэрнасці для сябе і сваіх блізкіх.

Экскурсія па Вільні: ад Трох крыжоў да Маці Божай Вострабрамскай

Другую палову святочнай суботы беларускія і літоўскія дзяўчаты правялі ў Вільні. Сёстры зладзілі для іх экскурсію па горадзе міласэрнасці. Распачаўся маршрут на гары Трох крыжоў, далей пралягаў у катэдральны сабор святога Станіслава, дзе дзяўчаты памаліліся ў капліцы заснавальніка кангрэгацыі сясцёр Эўхарыстак Юрыя Матулевіча.

Пасля ўсе накіраваліся да касцёла Божай Міласэрнасці (Dominikonų g. 12) і касцёла Святога Духа (Dominikonų g. 8), памаліліся вяночак да Божай міласэрнасці ў касцёле францысканцаў, адным з самым старых храмаў Вільні (Trakų gatvė 9).

Не прайшлі міма комплекса ўніяцкага кляштара базыльянаў, дзе месціцца будынак былой Віленскай беларускай гімназіі, сапраўднай кузьні дзеячоў беларускага адраджэння. Сястра Таццяна Гмыза SJE звярнула асаблівую ўвагу на мемарыяльныя шыльды ў гонар Адама Станкевіча, Максіма Гарэцкага і Наталлі Арсенневай, аўтаркі гімна «Магутны Божа».

Завяршылася прагулка па Вільні ў капліцы Маці Божай Вострабрамскай, якую 16 лістапада вернікі ўшаноўвалі асаблівым чынам.

У нядзелю, 17 лістапада, удзельніцы рэкалекцый з Полацка наведалі самы творчы і свабодны район Вільні Ужупіс. Там месціцца касцёл Барталамея, у якім Імшы адпраўляюцца на беларускай мове. Беларускі маліліся разам з парафіянамі «беларускага» касцёла на святой Імшы, якую адпраўляў айцец Арыюш Малыска OFM Cap.

Пасля святой Імшы дзяўчаты паабедалі ў кляштары сясцёр Эўхарыстак у Вільні, падзякавалі ў капліцы за плённы час у горадзе міласэрнасці і папрасілі ў Бога добрай дарогі дадому.

Ася Паплаўская, eucharystki.wordpress.com

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі