Найстарэйшаму біскупу ў свеце споўнілася 104 гады

1 студзеня 2026 года біскупу Хасэ дэ Хесусу Саагун дэ ла Парра споўнілася 104 гады. Найстарэйшы біскуп — апошні сведка адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору.

Біскуп Хасэ дэ Хесус Саагун дэ ла Парра, найстарэйшы з жывых біскупаў Каталіцкага Касцёла і адзін з апошніх айцоў Другога Ватыканскага Сабору, 1 студзеня адзначыў сваё 104-годдзе.

Мексіканскі іерарх нарадзіўся 1 студзеня 1922 года ў Коціа, штат Мічоакан. Ён быў пасвечаны ў святары ў 1946 годзе і ў біскупы ў 1961 годзе, перад адкрыццём Другога Ватыканскага Сабору. Гэта робіць яго адзіным жывым біскупам, пасвечаным да гэтай знакавай падзеі ў гісторыі Касцёла. У Рыме ён удзельнічаў у адкрыцці Сабору і яго першай, трэцяй і чацвёртай сесій.

За 79 гадоў святарства і 64 гады біскупскай паслугі біскуп Саагун дэ ла Парра вызначыўся як руплівы пастыр і будаўнік мясцовага Касцёла. Будучы першым біскупам новастворанай Тульскай дыяцэзіі, ён пабудаваў яе структуры з нуля, заснаваўшы семінарыю і займаючыся дзейнасцю па сацыяльнай справядлівасці і паляпшаючы ўмовы жыцця найбяднейшых. У 1985 годзе ён быў прызначаны біскупам Сьюдад-Ласара-Кардэнаса, дзе служыў да выхаду на пенсію ў 1993 годзе.

Ад ліпеня 2022 года, пасля смерці канадскага біскупа Ларана Ноэля, ён з’яўляецца найстарэйшым каталіцкім біскупам у свеце.

Характэрна, што ў цяперашні час налічваецца да дзесяці біскупаў, якія дасягнулі 100-гадовага ўзросту — больш, чым калі-небудзь раней.

pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку