Над аўтарытэтамі ў сваім ‎жыцці разважала моладзь падчас «Закхея»

‎З 23 па 28 жніўня ў Оршы прайшоў курс «Закхей» для моладзі. Маладыя людзі ‎прыехалі з ‎розных куткоў нашай Бацькаўшчыны. Курс праводзілі айцец Ілля ‎Саўчанка MIC і сястра Лілія ‎Дарожка SJE, а таксама аніматары з Жодзіна. Час быў ‎напоўнены малітвай, канферэнцыямі, ‎працай у групах і гульнямі.‎

Асноўнай тэмай сёлетняга курса стала тэма «Праўдзівыя і фальшывыя аўтарытэты ў ‎маім ‎жыцці».‎ Дапамагалі ў разважанні над гэтай тэмай канферэнцыі а. Аляксандра ‎Жарнасека MIC, Паліны Грыб і сведчанне Генадзія.‎

Падчас сустрэчы адбыліся практычныя трэнінгі на тэму «аўтарытэтаў», якія правяла ‎для ‎ўдзельнікаў Людміла Падліпенка. Разважаць над тэмай дапамагала таксама і праца ‎ў ‎групах. Кульмінацыяй кожнага дня была супольная святая Імша і адарацыя ‎Найсвяцейшага ‎Сакраманта, падчас якой кожны мог знайсці супакой і адказы на свае ‎жыццёвыя пытанні, а ‎таксама магчымасць споведзі і заступніцкай малітвы.‎

Новым элементам ‎сустрэчы быў паход ‎у лес, дзе ўдзельнікі мелі магчымасць праверыць сябе ў спартыўным ‎квэсце, а вечарам каля ‎вогнішча супольна паспяваць і паразмаўляць на розныя жыццёвыя ‎тэмы. Час праходзіў у сяброўскай ‎і вясёлай атмасферы, дзе кожны адчуваў сябе як у сям’і. Па ‎словах маладых удзельнікаў, такі ‎час з’яўляецца для іх ‎неабходным, ‎каб ‎затрымацца, ‎падумаць над сваім жыццём і направіць ‎яго ў адпаведным ‎кірунку, а ‎таксама ‎знайсці новых ‎сяброў, якія падзяляюць твае погляды.‎

‎Удзельнікі ‎ад’язджалі з надзеяй вярнуцца зноў у хуткім часе.‎

Айцец Ілля ‎Саўчанка MIC

для друку для друку