На тэму залежнасцяў разважалі падчас чарговага курсу “Закхей” у Оршы

Падрыхтоўка і правядзенне сустрэч і рэкалекцый для школьнай моладзі – даволі складаная задача. Больш таго, калі яны праводзяцца кожныя канікулы. Але кожны раз са складнікаў “цікавасць”, “актуальнасць” і “вартасць” атрымліваецца скласці насамрэч глыбокую і насычаную праграму духоўнага адпачынку пад назвай “Закхей”.

Часам здаецца, што ўжо цяжка сказаць нешта новае, цяжка знайсці яшчэ адну тэму, на якой сышліся б запыты падлеткаў і магчымасці для раскрыцця дарослых. Але пры злажанай каманднай працы (у тым ліку і з удзельнікамі курса), пры малітоўнай падтрымцы заангажаваных людзей і з Божым благаслаўленнем у нас зноў атрымалася!

Чарговы “Закхей” праходзіў з 3 па 6 студзеня ў рэкалекцыйным доме пры марыянскай парафіі Св. Юзафа ў Оршы. Нягледзячы на халоднае надвор’е, ніхто не замярзаў – наша супольнасць гэтым разам складалася з больш як шасцідзесяці асобаў! Вельмі хочацца падкрэсліць слова “супольнасць”, бо каб не ўзаемападтрымка, то вельмі няпроста было б разважаць тэму гэтага “Закхея” – “Залежнасці”.

Мінулым разам курс таксама быў скіраваны на тое, каб у святле малітвы і пры падтрымцы Божага Слова разважаць разам пра цёмныя куточкі сваіх прывязанасцяў, але аказалася, што гэтага было недастаткова. Засталося шмат пытанняў, а галоўнае – узрасла патрэба ў духоўнай падтрымцы адзін аднаго. Такім чынам, на гэтым курсе мы разам змагаліся з залежнасцю ад мабільных тэлефонаў (цэлы дзень правялі без іх, было класна!), абмяркоўвалі падчас канферэнцый сам механізм залежнасці, залішняе карыстанне сацыяльнымі сеткамі, а таксама на канферэнцыі-сведчанні знаёміліся са страшнай навалай лудаманіі – залежнасці ад азартных гульняў.

Абавязковым пунктам праграмы апошнім часам стаў “Жаночы клуб” – групка выключна для дзяўчат, дзе за закрытымі дзьвярыма можна абмеркаваць патаемнае і хвалюючае. А гэтым разам адбылася першая сустрэча і “Мужчынскага клуба”. Хлопцам так спадабался, што яны папрасілі кожны раз ладзіць такія сустрэчы!

Безумоўна, цяжкая тэма вымагае моцнай духоўнай падтрымкі, таму курс быў напоўнены малітвай, кожны падлетак у любы момант мог скарыстацца сакрамантам споведзі, а ў адзін з вечароў была арганізаваная спецыяльная малітва вырачэння ад залежнасцяў, а таксама малітва заступніцтва.

Цяжка было б у адзіноце пражываць гэтыя эмоцыі, таму шмат пунктаў праграмы было скіравана на стварэнне каманднага духа.

Распачыналі знаёмства мы вясёлым вечарам у стылі “Мемы”, затым рабілі адзін для аднаго цацкі са шкарпэтак і гузікаў, а таксама ладзілі супольны канцэрт творчых нумароў.

“Закхей” – гэта няпроста, але вельмі каштоўна для тых, хто гэта ладзіць і для тых, хто ў гэтым удзельнічае. Таму, мы радыя дзяліцца з вамі тым, што адбываецца на нашым курсе, а ад вас просім маліцца за нашу справу!

Паліна Грыб, тэкст;
фота ўдзельнікаў.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі