На скейтбордзе — да Бога: незвычайны інструмент для евангелізацыі аднаго францішканіна

Святар на скейтбордзе з эўхарыстычнымі сімваламі — келіх і Баранак Божы, — прыцягнуў увагу сацыяльных сетак, бо гэты від спорту зноў набыў папулярнасць пасля Алімпійскіх гульняў у Токіа, куды ён быў уключаны.

Па сутнасці, менавіта Алімпійскія гульні натхнілі 45-гадовага айца Джона Пола Зэлера вярнуцца да скейтбордынгу пасля 25-гадовага перапынку.

Францішканскія місіянеры Вечнага Слова апублікавалі на сваім канале YouTube відэа, у якім айцец Джон тлумачыць, чаму ён гэтым займаецца.

«У дзяцінстве я катаўся на скейтбордзе. Пяць гадоў! Я правёў пяць гадоў жыцця на скейтбордзе, ад сёмага класа да сярэдняй школы. Я катаўся па тры, чатыры ці нават больш гадзін у дзень».

Айцец Джон кажа, што яго сабраты-францішкане актыўна сачылі за Алімпіядай, і што ўключэнне скейтбордынгу ў прадстаўленыя віды спорту, стала для яго вялікай радасцю.

«Я быў проста натхнёны. Захацеў зноў пачаць катацца на скейтбордзе. Я занадта стары для гэтага, мне 45 гадоў, і я не ў той форме, у якой быў; але падумаў: я не павінен быць такім, як у дзяцінстве. Я ўсё яшчэ магу катацца на каньках і атрымліваць асалоду ад гэтага».

Айцец Зэлер звярнуўся ў Motherboards, кампанію, якая спецыялізуецца на скейтбордах з каталіцкім дызайнам, і там прапанавалі зрабіць яму падарунак. Дызайн гэтага скейтборда заслугоўвае ўвагі сам па сабе.

Калі святар быў падлеткам, яго скейтборды выглядалі зусім інакш. «Калі я катаўся на скейтбордзе, на іх былі намаляваныя змеі, чэрапы і іншыя падобныя рэчы. Мая мама проста ненавідзела гэта з вялікай літары «Н»!» Ён кажа, дадаючы з усмешкай, што новы скейтборд з выявай Ягня і Эўхарыстыі — кансэкраванай Гостыі над келіхам — прымусіць яе ганарыцца.

Менавіта «каталіцкі» выгляд скейтборда робіць яго незвычайным інструментам апостальства і евангелізацыі. Цікавасць людзей да манаха і выявы на яго скейтбордзе ствараюць магчымасці пагаварыць з імі пра Езуса, Баранка Божага, які бярэ на сябе грахі свету, і пра дасканалую гармонію паміж кансэкраваным жыццём і здаровай асалодай ад самога жыцця, якое ёсць дарам ад Бога.

«Скейтбордынг можна выкарыстоўваць, каб паказаць маладым людзям, як жыць Евангеллем, нават у спорце і ў вольны час», — сказаў айцец Джон.

Францішканін-скейтбардыст належыць да Місіянераў Вечнага Слова з 2013 года. Адно з яго апостальстваў — гэта евангелізацыя праз сродкі масавай інфармацыі. Ён працуе ў найбуйнейшай у свеце каталіцкай тэлевізійнай сетцы EWTN, заснаванай Маці Анжалікай ад Звеставання.

Па матэрыялах credo.pro
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку